Удзельніцы руху «Маці ў малітве» сустрэліся ў Віцебску

14 красавіка ў касцёле святой Барбары ў Віцебску прайшла сустрэча руху «Маці ў малітве». 

Сустрэчай пачалася з адарацыі, падчас якой удзельніцы памаліліся на ружанцы, просячы Маці Божую аб заступніцтве і адкрытасці сэрца кожнай на розныя дары гэтай сустрэчы. Пасля чаго пачалася св. Імша, якую ўзначаліў а. Віталій Сапега OP.

Падчас Імшы святар павіншаваў рух маці ў малітве з другой гадавінай супольнасці.

У казанні а. Віталій звярнуў увагу на сталасць веры, якая здабываецца праз вывучэнне. “Каб брыльянт набыў прыгажосць, яго трэба акунуць у мёд і вынесці пад светлае сонейка, тады ён набывае бляск, які захапляе чалавека. Гэты вобраз паказвае супрацоўніцтва чалавека з Божай ласкай.

Канешне, спачатку павінна быць малітва, праз якую атрымліваем патрэбную ласку. Гэта — Божая частка супрацоўніцтва, але не трэба ў гэтым забывацца пра наш розум і высілак. Бог Сам даў розум чалавеку, і пажадаў, каб мы яго выкарыстоўвалі, гэтым мы адрозніваемся ад іншых стварэнняў.

Наш розум, памяць – гэта скарбніца, зараз мы здабываем скарб. Чаму важна пазнанне? Таму, што праз нашы веды Бог павялічвае разуменне крыжа, Касцёла, Хрыста, а праз разуменне павялічваецца любоў. Калі мы ўцякаем ад Слова Божага, Богу не будзе чаго асвятляць, а калі разважаем над Пісаннем, абавязкова прыйдзе момант, і Пан асветліць пэўныя справы, з якімі звяртаемся ў малітве.” – сказаў а. Віталій.

Падчас малітвы верных маці маліліся за сваю супольнасць, сваіх блізкіх і дзяцей.

Пасля св. Імшы група маці ў малітве з парафіі св. Антонія ў Віцебску паказала невялікую сцэнку пра жыццёвы лёс, сведчанне веры некаторых жанчын. Пасля чаго а. Віталій прамовіў канферэнцыю пра асаблівае заданне жанчын.

“Звярніце ўвагу, што Хрыстос мужчын клікаў па імені, напрыклад: «Пётр –ты скала», у той час, як жанчын нават клікаць было не трэба, яны самі пайшлі за Ім. Жанчына мае духоўную інтуіцыю, яна больш непасрэдна пазнае рэчаіснасць, адчувае яе, таму яе дар і заданне набліжаць усіх вакол сабе да Бога. Таму так шмат містыкаў ёсць сярод жанчын. Гэты духоўны інтэлект, інтуіцыя дапамагае бачыць больш. Пры гэтым не трэба блытаць духоўны інтэлект жанчыны з пачуццямі, бо гэта не пачуццёвая справа, а штосьці больш глыбокае. Пачуцці павінны быць сублімаваныя, гэта азначае, яны павінны служыць духоўнасці.

Жанчына была пастаўлена Богам у Раі каб Адам не згубіў з Ім сувязь. Таму, бачым, што быць жанчынай – гэта служба. Менавіта жанчына можа паказаць мужчыне як захапляцца Богам, бо яна гэты дар мае. Таму вельмі часта жанчыны-містыкі, напрыклад, Тэрэза Авільская, Кацярына Сіенская і г.д., апісваюць свае бачанні паэтыцкай мовай.

Але трэба прызнаць, што мужчына мае дар і заданне больш рацыянальна апісваць рэчаіснасць, называць яе сваімі імёнамі, таму, усе духоўнікі — мужчыны. У той час як у жанчыны ёсць эмацыйная праблема, таму ёй у гэтым неабходна дапамога мужчыны. На жаль, у сённяшнім свеце служба адзін аднаму змянілася спаборніцтвам паміж мужчынам і жанчынай. Таму мы павінны разумець, што ў першую чаргу павінна быць малітва. Без малітвы ўваходзіць д’ябал і пачынае ўсё разбураць.»

Асаблівую ўвагу а. Віталій звярнуў на прыклад Кацярыны Сіенскай: «Той, хто хоча развівацца ў духоўнасці павінен асабліва чытаць доктараў Касцёла. Кацярына Сіенская – доктар Касцёла, гэта азначае, што яна з’яўляецца прафесіяналам у духоўнасці. Чытаючы яе мы павінны акрэслівацца якой дарогай мы ідзём. Яна, нягледзячы на малады ўзрост, мела велізарны ўплыў. Яна фактычна стала духоўнай маці для Касцёла.

Яна пакінула, апроч іншага, дыялогі, у каторых сам Езус звяртаецца да яе і вучыць яе. Адна з такіх навук параўноўвае Езуса ўкрыжаванага як мост, праз які чалавек атрымлівае збаўленне. Яна апісвае тры ступені гэтага мосту: захапленне, ачышчэнне, з’яднанне з Богам. На першай ступеньцы духоўнага жыцця чалавек пачуццёва захапляецца Богам з радасцю, але тут яшчэ прысутнічае наш эгаізм, бо на малітвах мы шукаем суцяшэння, а не Бога. На гэтым этапе адбываецца ачышчэнне пачуццяў, фармаванне “ног” веры. Другая ступень – сэрца Хрыста. У гэты час чалавеку адкрываюцца таямніцы Хрыста, даруюцца асаблівыя ласкі. На гэтым этапе важна ўключыць ў малітву медытатыўныя практыкі, разважанні. Трэці этап – з’яднанне з Богам, Кацярына Сіенская называла яго “вусны”. На гэтым этапе ў чалавечай душы ўзнікае глыбокі супакой. Тут больш дзейнічае Бог, а чалавечая актыўнасць памяншаецца. Чалавек пачынае бачыць вачыма Бога, пачынае жыць у праўдзе. Але з’яўляецца цярпенне ад таго, што людзі зневажаюць Бога і жывуць у грахах.»

Пасля канферэнцыі супольнасць сабралася ў кола для малітвы. У цэнтры кола знаходзіліся статуя Марыі, Слова Божае і свечка, якую запалілі на пачатку малітвы. Маці чыталі заступніцкую малітву за дзяцей, свет, наваколле і за сваю супольнасць. Пасля кароткай малітвы заспявалі Велікодны спеў і прачыталі Евангелле, пасля чаго пачалося разважанне над Божым Словам. Кожная з удзельніц магла выказаць тое, што ёй адкрылася сёння, пасля чаго малітва працягнулася. Маці памаліліся таямніцай ружанца і падзякавалі Богу за сваё годнае пакліканне.

Напрыканцы сустрэчы біскуп Алег звярнуўся да ўдзельніц: “У малітве трэба заўсёды памятаць, што ёсць Божая воля і яе не трэба баяцца. Гэта тое, што добра разумела Божая Маці, тое, чаму мы хочам ад Яе навучыцца. Бог не можа даць чалавеку чагосьці дрэннага. У жыцці могуць быць выпрабаванні, але мы павінны разумець, што ў гэтым ёсць схаваны сэнс. Бог глядзіць на нашае жыццё з іншай перспектывы, перш за ўсё маючы на ўвазе духоўнае дабро.» — сцвердзіў біскуп, і заахвоціў: «Будзем вучыцца ў Божай Маці захоўваць у сэрцы тое, што бачым і чуем. Таксама біскуп Алег пажадаў удзельніцам быць адкрытымі на Божую волю.

Лаліта Арлоўская, тэкст;

С. Антонія Тарноўская BDNP, фота.

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі