- Каталіцкі Веснік - https://catholicnews.by -

У Жупранах адбыўся з’езд салезіянскіх міністрантаў

[1]З 2 па 4 чэрвеня ў Жупранах адбыўся з’езд салезіянскіх міністрантаў. Прынялі ўдзел больш за 60 хлопцаў з салезіянскіх парафій у Мінску, Смаргоні, Бараўлянах, Дзятлава і Жупранах. Месцам правядзення стаў адноўлены дом для моладзевых акцый у Жупранах.

З’езд распачаўся ў пятніцу 2 чэрвеня. Хлопцы мелі магчымасць пазнаёміцца, добра разам правесці час, пагуляць у футбол і спецыяльна зарганізаваны лазертаг на панадворку моладзевага дому. Напрыканцы дня, хлопцы ўдзельнічалі ў адмысловай адарацыі і мелі магчымасць прыступіць да сакраманту пакаяння.

У суботу 3 чэрвеня, міністранты выехалі ў Будслаў на заканчэнне навэнны з нагоды юбілею каранацыі цудадзейнага абраца Будслаўскай Багародзіцы. Там частка міністрантаў удзельнічала ў якасці акцёроў міні-прадстаўлення пра гісторыю Будслава, якое падрыхтавала салезіянская сям’я са Смаргоні. Пасля ўдзельнікі мелі магчымасць маліцца падчас Эўхарыстыі ў будслаўскай базыліцы, якую ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі. На св. Імшы прысутнічалі першакамунійныя дзеці з розных парафій Беларусі. Пасля Імшы і абеда, усе прысутныя ў Будславе дзеці мелі магчымасць пазабаўляцца пры спецыяльна падрыхтаваных забаўляльных стэндах, якія падрыхтавала салезіянская сям’я з Мінска і Бараўлян. Пасля вяртання ў Жупраны, міністранты схадзілі ў паход у лес, дзе іх чакала падрыхтаваная гульня.

[2]

У нядзелю юнакі разам з адказным за з’езд, кс. Артурам Ляшнеўскім SDB, адсвяткавалі ўрачыстасць Найсвяцейшай Тройцы ў жупранскім касцёле святых Апосталаў Пятра і Паўла. Пасля Эўхарыстыі літургічная служба алтара разам з вернікамі ўдзельнічала ў тэафарычнай працэсіі вакол касцёла, а міністранты падчас шэсця неслі харугвы і касцёльную літургічную атрыбутыку.

[3]

кс. Артур Ляшнеўскі SDB