- Каталіцкі Веснік - https://catholicnews.by -

У Віцебску ўшанавалі памяць святога Францішка: святкаванне Transitus супольнасцю ФОС

[1]3 кастрычніка ў парафіі святога Антонія Падуанскага ў Віцебску адбылося ўрачыстае набажэнства, прысвечанае Transitus — успаміну пераходу святога Францішка Асізскага да вечнага жыцця. Гэтая падзея набыла асаблівае значэнне, паколькі год таму — 22 верасня 2024 года — у гэтай жа парафіі нарадзілася новая супольнасць Францішканскага Ордэна Свецкіх, дзе сёстры пачалі сваю духоўную фармацыю на этапе пастулата, у гэтым годзе сёстры ўступілі ў навіцыят.

Францішканскі Ордэн Свецкіх (ФОС) мае багатую гісторыю, бо быў заснаваны самім святым Францішкам Асізскім яшчэ ў 1221 годзе. Згодна з першымі «Правіламі жыцця», да Ордэна належалі «браты і сёстры, якія чыняць пакаянне, і якія жывуць ва ўласных дамах». Гэта пакаянне азначае не толькі рэгулярную споведзь, але перамену чалавека на лепшае пад уплывам Божага Слова, якое праяўляецца ў канкрэтных справах служэння Богу і людзям.

Transitus (лац. «пераход») — гэта асаблівае набажэнства, якое францішканская сям’я штогод святкуе ўвечары 3 кастрычніка, успамінаючы пераход святога Францішка Асізскага з гэтага свету ў вечнасць, што мела месца ў 1226 годзе. Гэта не траурная цырымонія, але ўрачыстасць, якая праслаўляе перамогу жыцця над смерцю. Абрад узнік яшчэ ў XIII стагоддзі сярод першых паслядоўнікаў святога Францішка, якія жадалі ўшаноўваць памяць свайго заснавальніка ў дзень ягонай сустрэчы з «сястрой Смерцю».

[2]

Падчас набажэнства чытаюцца ўрыўкі з жыцця святога, асабліва апісанне яго апошніх гадзін, калі ён, лежачы на голай зямлі, благаслаўляў сваіх вучняў і ў свой знакаміты «Гімн Стварэнню» дадаў радкі пра «сястру Смерць». Сёння Transitus святкуюць не толькі манахі, але і свецкія францішкане па ўсім свеце, бачачы ў ім мацнейшае сведчанне веры ў жыццё вечнае і і ўваскрасенне.

Падчас святой Імшы пробашч парафіі ксёндз канонік доктар Сяргей Сурыновіч прамовіў гамілію, у якой падкрэсліў, што гэты вечар — не час жалобы, але час успаміну пра Пасху, пераход з цемры смерці ў святло жыцця. «Святы Францішак навучыў нас бачыць нават у цемры прысутнасць Створцы. Ён навучыў нас бачыць сястру Смерць», — сказаў святар.

У сваёй гаміліі ён акрэсліў тры галоўныя духоўныя запаветы, якія пакінуў сваім паслядоўнікам святы Францішак. Першы — гэта цярплівасць, якую ён разумеў не як пасіўнасць, але як актыўнае прызнанне годнасці кожнага чалавека. «Любоў да Бога правяраецца менавіта любоўю да бліжняга», — нагадаў святар словамі святога.

Другі запавет — убогасць, якую Францішак бачыў не як абмежаванне, але як свабоду для служэння Богу і бліжняму. «Святая ўбогасць — гэта поўная адкрытасць Божаму провіду», — падкрэсліў прамоўца. Гэты ідэал знаходзіць пацвярджэнне ў Евангеллі: «Не збірайце сабе скарбаў на зямлі… Збірайце сабе скарбы ў небе» (Мц 6, 19-20).

[3]

Трэці запавет — вернасць Касцёлу. У час, калі многія адварочваліся ад Касцёла, святы Францішак загадваў братам «мець у павазе і паслухмянасці» святароў і Касцёл, бачачы ў ім крыніцу ласкі і святасці.

Асаблівую ўвагу ў гаміліі было нададзена адносінам святога Францішка да смерці, якую ён у апошнія хвіліны жыцця ўключыў у свой гімн, назваўшы яе «сястрой». «Смерць для Францішка — не канец. Яна — брама… Яна — мост паміж жыццём часовым і жыццём вечным», — растлумачыў ксёндз Сурыновіч. Гэты погляд знаходзіць водгук у словах прарока: «Ад смерці Я выкуплю іх, ад магілы вызвалю» (Ос 13, 14).

Апошнімі словамі Францішка былі: «Я зрабіў тое, што павінен быў зрабіць; няхай Хрыстус вучыць вас, што рабіць». Гэта была поўная аддача сябе ў волю Божую, якая пераклікаецца са сведчаннем апостала Паўла: «У добрай барацьбе я змагаўся, бег скончыў, веру захаваў» (2 Цім 4, 7).

[4]

Нараджэнне новай супольнасці Францішканскага Ордэна Свецкіх у Віцебску паказвае, што ідэалы святога Францішка застаюцца жывымі і сёння. Як адзначыла сястра Марта Бутанава: «Калі нам наш пробашч сказаў, што ў нашай парафіі будзе Францішканскі Ордэн Свецкіх, то маёй радасці не было межы — нарэшце споўніцца мая даўняя мара».

Святкаванне Transitus францішканскай супольнасцю (ФОС) у Віцебску сталі яркім сведчаннем таго, што харызма святога Францішка працягвае натхняць вернікаў жыць паводле Евангелля, служыць Богу і бліжнім, нясучы ў свет вестку пра міласэрнасць і любоў Айца.

с. Ада Шэвяка, ФОС