29 снежня 2025 года дом культуры Віцебскай дзяржаўнай акадэміі ветэрынарнай медыцыны зноў гасцінна прыняў таленавітых дзяцей і моладзь, якія, кожны на свой лад, паказалі гледачам як адбывалася Божае Нараджэнне.
У сёлетнім фестывалі батлеек прынялі ўдзел 8 парафій Віцебскай дыяцэзіі: парафія Езуса Міласэрнага, парафія св. Уладзіслава, парафія св. Антонія Падуанскага — з Віцебску, парафія св. Юзафа з Оршы, парафія Святой Тройцы з Глыбокага, парафія Нараджэння Маці Божай з Браслава, парафія Святой Тройцы з Докшыцаў, парафія Найсвяцейшага Сэрца Езуса з Наваполацку.
Напачатку фестывалю прысутных прывітаў канцлер Віцебскай дыяцэзіі і дырэктар Карытас Віцебск кс. канонік Віктар Місевіч, які звярнуўся да ўдзельнікаў з натхняльнымі словамі.
Прагляд пачаўся з выступу таленавітых вернікаў парафіі Езуса Міласэрнага ў Віцебску, якія паказалі першае Божае Нараджэнне толькі з дапамогай ценяў. Варта заўважыць, што ў гэты дзень, замест таго, каб спаць ці рыхтавацца, яны паказвалі сваю сцэнку ў хоспісе. Такім чынам дапамагаючы “занесці” Каляды самым патрабуючым.
Удзельнікі з парафіі св. Уладзіслава паказалі сапраўды кранальную гісторыю невылечна хворай дзяўчынкі, якая запусціла флэшмоб надзеі ў сацыяльных сетках. Галоўнае, што прыходзіць на думку падчас прагляду гэтай кароткай сцэнкі – жыццё можа быць цяжкім, але, калі побач Езус, усё абавязкова будзе добра.
Выступ удзельнікаў з парафіі св. Антонія Падуанскага захапляў вясёлымі спевамі і танцамі, якімі толькі можа праслаўляць стварэнне свайго нованароджанага Збаўцу.
Нягледзячы на тое, што парафія св. Юзафа з Оршы ўпершыню ўдзельнічала ў фестывалі батлеек, яна паказала сцэнку на высокім узроўні. Незвычайны сюжэт аб тым, як у пошуках каляднага настрою маладыя хлопцы і дзяўчына трапілі на самыя першыя ў свеце Каляды, гарманічна дапаўняўся харэаграфічнымі і, нават, акрабатычнымі нумарамі.
Удзельнікі з Глыбокага абралі больш класічны падыход, таму, у сваёй батлейцы “Ноч над Бэтлеемам”, яны паказалі Нараджэнне Езуса Хрыста пра якое мы можам даведацца праз Евангелле.
Таленавітыя маладыя людзі з Браслава вырашылі паразважаць над тым, як адчувалі сябе першыя сведкі Божага Нараджэння – жывёлы.
Што будзе, калі ўноч на Божае Нараджэнне ў аўтобусе сустрэнуцца бабулі, падлеткі, школьнікі, і, да таго ж, матуля з малым дзіцём, якое вельмі голасна плача? – над гэтым, а яшчэ над сэнсам свята Божага Нараджэння паразважалі ў сваёй батлейцы акторы з парафіі Святой Тройцы з Докшыцаў.
Дзеці з парафіі Найсвяцейшага Сэрца Езуса з Наваполацку паказалі як трэба сустракаць св. Мікалая. Нумар быў насычаны ввясёлымі спевамі, вершамі пра Божае Нараджэнне, а некаторыя з артыстаў зайгралі на музычных інструментах.
Напрыканцы фестывалю да прысутных звярнуўся біскуп Алег Буткевіч. Іерарх падзякаваў адміністрацыі Віцебскай дзяржаўнай акадэміі ветэрынарнай медыцыны за гасцінны прыём, дырэктару Карытас Віцебск за арганізацыю фестывалю і падрыхтаваныя падарункі. Таксама біскуп падзякаваў артыстам за выкананне батлеек і тым, хто іх падрыхтаваў: “Сёння ўсё сапраўды служыла адной мэце – праслаўленню Бога” – сказаў ён.
Лаліта Арлоўская, тэкст
Марына Сінкевіч, фота
Леанід Юрык, відэа

















































