[1]6 верасня ў парафіі Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі ў Верхнядзвінску адбылася адпустовая ўрачыстасць тытулу мясцовага касцёла. Святочную Літургію, на якую сабраліся шматлікія вернікі і святары, узначаліў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч.
У Эўхарыстыі бралі ўдзел Генеральны вікарый Віцебскай дыяцэзіі ксёндз пралат Францішак Кісель, дэкан Мёрскага дэканату ксёндз Андрэй Кулік, айцы марыяне Чэслаў Курэчка і Аляксандр Жарнасек з Росіцы, ксёндз Іван Кароткін з Лужкоў, прадстаўнікі мясцовай улады, парафіяне і госці.
Канцэлебраваная святая Імша распачалася з урачыстага ўваходу літургічнай службы і святароў у храм, дзе іх чакалі вернікі, каб праз супольную малітву праславіць Маці Божую.
На пачатку Эўхарыстыі пробашч парафіі ксёндз Аляксандр Грыцкевіч прывітаў прысутных і прадставіў ганаровых гасцей свята.
Ардынарыя Віцебскай дыяцэзіі і прадстаўнікоў мясцовай улады святочнымі караваямі прывіталі парафіяне.
Ад імя дзяржаўнай улады са словамі прывітання да біскупа звярнулася намеснік старшыні Верхнядзвінскага раённага выканаўчага камітэта Наталля Андрэева.
На пачатку Літургіі біскуп Алег Буткевіч адзначыў, што святкуючы нараджэнне Найсвяцейшай Панны Марыі, дзякуем Богу за дар Яе заступніцтва і просім каб яно спрыяла грамадскаму жыццю нашай краіны і жыццю кожнага чалавека.
«На Дзень нараджэння звычайна прыходзяць з падарункамі. Нашым падарункам для Багародзіцы, няхай стануць нашыя чыстыя сэрцы» — заахвоціў іерарх.
Падчас гаміліі ардынарый Віцебскай дыяцэзіі засяродзіў увагу на асобе Марыі і Яе прыкладзе пакоры і поўнага даверу Пану Богу. Біскуп Алег адзначыў, што Марыя сваім жыццём паказала, што чалавеку Бог патрэбны не для вырашэння нейкіх праблем і цяжкасцяў у жыцці, а з’яўляецца блізкай Асобай. Таму мы павінны вучыцца пакоры ў Маці Божай, якая не адмовілася, а выйшла насустрач выпрабаванням, прамовіўшы сваё «так» анёлу Габрыэлю. «Мы павінны зразумець праўду аб тым, што Божая прысутнасць у нашым жыцці — гэта найвышэйшы скарб» — падкрэсліў іерарх.
Пасля малітвы вернікаў адбылося ўрачыстае прынашэнне дароў, сярод якіх, між іншым, быў сноп з зерневых культур новага ўраджаю.
Традыцыйна ў свята Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі адбываецца асвячэнне зерня. Гэта стала прыгожым, кранальным і сімвалічным момантам урачыстасці ў Верхнядзвінску. Пробашч парафіі ксёндз Аляксандр Грыцкевіч прынёс да алтара зерне новага ўраджаю, каб блаславіць яго для сяўбы.
Святар, таксама як земляроб, сее зерне — зерне Божага слова, якое дае свой плён. У гэты дзень — 6 верасня, ксёндз Аляксандар якраз адзначаў дзясятую гадавіну сваёй працы ў верхнядзвінскай парафіі. Плён яго працы можна было часткова ўбачыць: урачыста прыбраная святыня патанала ў кветках, літургічная служба зладжана выконвала свае абавязкі, музычнае аздабленне Эўхарыстыі забяспечыў парафіяльны хор, а шматлікія вернікі прыйшлі на Імшу, каб праславіць Маці Божую і Яе Сына.
Завяршыўся адпуст выстаўленнем Найсвяцейшага Сакраманту, падчас якога памаліліся Літанію да Найсвяцейшай Панны Марыі і адмысловую малітву за Айчыну.
Жанна Закрэўская, kascelmery.by [11]