- Каталіцкі Веснік - https://catholicnews.by -

У Верхнядзвінску ўшанавалі бласлаўлёных мучанікаў з Беразвечча

[1]13 чэрвеня ў парафіі Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі ў Верхнядзвінску адбылася ўрачыстая святая Імша ў гонар бласлаўлёнага кс. Мечыслава Багаткевіча, мучаніка Другой сусветнай вайны, які перад смерцю нёс сваё служэнне ў Дрысе (цяпер г. Верхнядзвінск).

У 1999 годзе Папа Ян Павел ІІ абвесціў бласлаўлёнымі 108 мучанікаў, сярод іх ксяндзы Мечыслаў Багаткевіч, Станіслаў Пыртак і Уладзіслаў Мацьковяк, якія былі растраляныя немцамі ля вёскі Барок непадалёку ад Глыбокага. Святароў-мучанікаў з Беразвечча, а таксама айцоў-марыянаў з Росіцы ў літургічным календары Віцебскай дыяцэзіі ўзгадваюць 12 чэрвеня. У Верхнядзвінскай парафіі, са згоды біскупа Алега Буткевіча, склалася пабожная традыцыя ўшаноўваць у гэты дзень памяць пра самаадданнае служэнне Богу і Касцёлу бласлаўлёнага ксяндза Мечыслава Багаткевіча.

У прывітальным слове пробашч парафіі кс. Аляксандр Грыцкевіч заўважыў, што захаванне і ўшанаванне памяці пра святароў, якія служылі на нашых землях і далі прыклад ахвярнага служэння Пану Богу, з’яўляецца важным момантам духоўнага жыцця. Святар падзякаваў усім, хто сабраўся на супольную малітву і прадставіў святароў, якія прыбылі на свята.

[2]

Ва ўрачыстай Літургіі бралі ўдзел Генеральны вікарый Віцебскай дыяцэзіі ксёндз пралат Францішак Кісель, кс. Юрый Жаўняровіч з Іказні, кс. Антон Лагунёнак з Дунілавіч. Узначаліў Эўхарыстыю новапрэзбітэр кс. Андрэй Януль. Паслугу ў канфесіянале аказваў дэкан Міёрскі кс. Андрэй Кулік.

Па традыцыі шаноўных гасцей парафіяне сустрэлі хлебам-соллю.

Гамілію прамовіў кс. Антон Лагунёнак, пробашч парафіі Найсвяцейшай Тройцы ў Дунілавічах, дзе, у свой час, быў ахрышчаны кс. Мечыслаў Багаткевіч. Звяртаючыся да вернікаў, святар прапанаваў задумацца над тым, што мог адчуваць кс. Мечыслаў, калі знаходзіўся ў камеры смяротнікаў і ведаў, што заўтра адыдзе да Пана.

[3]

Як чалавек, ён напэўна адчуваў страх, але не страх смерці, які можа ўзнікаць ад грахоўнасці жыцця. Ён адчуваў страх, які паходзіць ад Духа Святога і называецца бояззю Божай. Ксёндз Мечыслаў разумеў, што аддае сваё жыццё на карысць свайго збаўлення. Аб гэтым сведчыць яго запісы пакінутыя ў брэвіярыіі перад смерцю: “У гэтую ноч ідзём на смерць я і мае браты ў святарстве з Іказні. Іду спакойна і маю надзею на Бога, што мае цярпенні і мая кроў заслужаць мне збаўленне. Відаць такая воля Божая, бо я мог уцячы з Дрысы, таксама і адсюль, але баяўся, каб не парушыць Божых намераў і каб пазней пры смерці не мець дакораў сумлення. Ад усяго сэрца я прабачаю ўсіх маіх ворагаў, хацелася б для іх усіх выслужыць неба.”

Святары перад смерцю паспавядаліся адзін у аднаго, каб быць гатовымі на сустрэчу з Панам, пасля чаго адправілі святую Імшу.

«Няхай святы страх і святасць жыцця, на ўзор бласлаўлёнага ксяндза Мечыслава Багаткевіча, вядуць нас да Божага збаўлення» — пажадаў, завяршаючы прамову, святар.

Пасля малітвы вернікаў адбылося прынашэнне дароў. Сімвалы жыцця, служэння і мучаніцтва кс. Мечыслава, а таксама сімвалы Эўхарыстыі: свечка, Евангелярый, крыж, эўхарыстычныя хлеб і віно — ўсё гэта было складзена на алтар.

[4]

Напрыканцы св. Імшы кс. Аляксандр Грыцкевіч выказаў словы ўдзячнасці святарам і вернікам за супольную Эўхарыстыю і ўдзел ва ўрачыстасці. Ад імя парафіі святар падараваў абраз бласлаўлёнага кс. Мечыслава Багаткевіча кс.Антону Лагунёнку з нагоды імянінаў і новапрэзбітэру кс. Андрэю Янулю.

Узгадваючы бласлаўлёных мучанікаў з Беразвечча, сімвалічным стала выкананне песні «Малюся за цябе, Беларусь», якой завяршылася святая Імша. Урачыстую літургію ў гэты дзень сваімі спевамі ўпрыгожылі вернікі з Верхнядзвінска і Міёраў пад кіраўніцтвам арганісткі Яўгеніі Баговіч.

Завяршылася ўрачыстасць прыміцыйным бласлаўленнем, якое ўдзяліў новапрэзбітэр кс.Андрэй Януль.

Жанна Закрэўская

kascelmery.by [28]