[1]31 сакавіка пры касцёле святога Яна Хрысціцеля ў Валкалаце (Докшыцкі дэканат) адбылося пахаванне а. Пятра Ясевіча, капуцына, які ў 1988–2009 гадах быў пробашчам гэтай парафіі, а пасля па прычыне здароўя аж да самай смерці быў святаром-рэзідэнтам у гэтай жа парафіі.
Айцец Пётр нарадзіўся 29 чэрвеня 1941 года на Ашмяншчыне. Тэалагічную адукацыю атрымліваў у Рыжскай Духоўнай семінарыі. Святарскае пасвячэнне прыняў 31 мая 1987 года ў Рызе. Уступіў у ордэн айцоў-капуцынаў, склаўшы 24 чэрвеня 1984 года манаскія абяцанні ў Ліпнішках. Адзін з найстарэйшых святароў, які стаяў ля вытокаў адраджэння Касцёла ў Беларусі, ля вытокаў адраджэння манаскай супольнасці капуцынаў.
Цэлебрацыю пахавальнай св. Імшы ўзначаліў біскуп Віцебскай дыяцэзіі Алег Буткевіч. Прысутнічалі таксама арцыбіскуп на пенсіі Тадэвуш Кандрусевіч, дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі, кс. пралат Эдмунд Даўгіловіч-Навіцкі, генеральны вікарый Віцебскай дыяцэзіі кс. пралат Францішак Кісель, кусташ айцоў капуцынаў а. Андрэй Букштан, святары, браты-капуцыны, сёстры законныя, родныя і блізкія спачылага святара.
У гэты дзень у святыні было таксама шмат вернікаў, якія прыйшлі падзякаваць свайму душпастыру за служэнне, бо спачылы заставаўся пастырам да апошняга дня свайго жыцця.
У слове на пачатку літургіі біскуп Алег падкрэсліў, што “айцец Пётр — чалавек, які адкрыўшы святарскае пакліканне ў той нялёгкі час пераследу Касцёла, верна выканаў сваё святарскае заданне. Сёння просім аб узнагародзе, бо ведаем і перакананыя, што на яе заслужыў аддана святарскім жыццём, малітвай і цярпеннем”.
Гамілію прамовіў арцыбіскуп Тадэвуш. Іерарх адзначыў, што ў памяці вернікаў спачылы застанецца як чалавек, які абвяшчаў Божае слова простай мовай, у тыя часы, калі забаронена было, да яго ўсе ішлі і хацелі слухаць. Гэта сведчыць аб тым, што яго вельмі любілі. Ён меў адкрытае сэрца, прамаўляў не толькі вуснамі, але і сэрцам. Вучыў як умеў, як мог, як дазвалялі на гэта абставіны. Умеў знайсці слова для кожнага чалавека, і ў гэтым простым слове гучала Божае слова. Гэта вялікая адметнасць а. Пятра.
Поўная відэаверсія прамоўленай гаміліі:
“Можна дзівіцца, як ён умеў кіраваць народам Божым — у любові і служэнні, не як валадар, як загадчык ці брыгадзір, але як той які наследаваў Езуса, бо Езус прыйшоў не для таго каб яму служылі, але каб служыць. І гэтым самым ён заслужыў пашану ў людзей, пашану ў святароў, у сваёй манаскай супольнасці капуцынаў”, — падкрэсліў арцыбіскуп.
На заканчэнне пахавальнай св. Імшы сваімі ўспамінамі пра жыццё, служэнне, пакору і малітву а. Пятра Ясевіча падзяліліся некаторыя прысутныя святары:
Пасля Імшы цела памерлага святара было пахавана каля касцёла, у якім больш за трыццаць год служыў.
Марына Сінкевіч, тэкст і фота
Леанід Юрык, відэа