З 11 па 13 сакавіка i з 13 па 15 сакавіка ў мінскім цэнтры «Карытас» (в. Ляскоўка, Бараўляны) прайшоў семінар для валанцёраў.
Ён праходзіў для дзвюх груп валанцёраў, якія былі запрошаны з розных парафій, а таксама парафіяльных філіялаў «Карытас» з усёй Беларусі.
Мэтай семінара з’яўляецца навучанне ўдзельнікаў асновам валанцёрства на досведзе працы Мальтыйскай службы сацыяльнай дапамогі з Германіі.
Вялікі акцэнт на занятках робіцца менавіта на практычную частку: валанцёры вучацца аказваць першую медыцынскую дапамогу, даглядаць за ляжачымі хворымі, практыкуюцца ў розных формах творчых заняткаў з дзецьмі, і проста добра праводзяць час разам.
Водгукі удзельнікаў семінару:
Кацярына Сідарук, Сацыяльны цэнтр “Шчаслівы малыш”:
«На маю думку, найважнейшае ў гэтым семінары – гэта ягоная практычная накіраванасць. Шмат пра якія моманты яшчэ хацелася б пачуць (і, магчыма, абмеркаваць), найперш – пра матывацыю валанцёраў, падтрымку гэтай матывацыі і шэраг адміністрацыйных момантаў, але менавіта практычны кірунак – рэч вельмі й вельмі каштоўная.
Сапраўды, нават прафесійныя медычныя сёстры, якія ёсць сярод удзельнікаў семінару, знаходзяць для сябе нешта новае, нейкія новыя тэхналогіі, метады, спосабы; што ж казаць пра тых, хто да закранутых пытанняў меў дачыненне хіба толькі тэарэтычна? Не толькі даведацца, але й навучыцца, паспрабаваць самім – вось што важна.
Вельмі вострае адчуванне – не хапае часу. У кожнай хвіліне – нешта новае, нейкія веды, навыкі. І, канешне ж – кантакты з новымі людзьмі. А гэта вельмі важна – шукаць і знаходзіць аднадумцаў, людзей, якія ахвяруюць свой час на працу дзеля патрэбаў іншых».
Ірына Шамак, SOS-Дзіцячая вёска Мар’іна Горка:
«За гэтыя тры дні я атрымала шмат навыкаў, якія, напэўна, вельмі палегчаць маю працу з дзецьмі. Вельмі мне спадабалася лекцыя па догляду за ляжачымі хворымі. На першы погляд, усё лёгка і проста, але на практыцы ўзнікаюць складанасці. І як раз тое, што падаецца дробяззю, аказваецца вельмі важным ў практычнай рэалізацыі.»
caritas-minsk.by [4]


