[1]Тры каталіцкія касцёлы і шэсць будыйскіх храмаў былі легалізаваныя, 23 жніўня, у Тайландзе. Гэта першы выпадак прызнання хрысціянскіх месцаў культу ў гэтай краіне пачынаючы з 1929 года, то бок, за амаль стагоддзе — 93 гады. Тады дзяржава дазволіла дзейнасць 57 святыням.
Установы былі зацверджаны ў адпаведнасці з новым законам, прынятым у мінулым годзе. Асноўнай умовай легалізацыі з’яўляецца прысутнасць святара і па меншай меры 200 пастаянных вернікаў, аднак дыяцэзіі могуць папрасіць змякчыць гэтыя крытэрыі. Гэтым летам у Тайландзе атрымалі дазвол на дзейнасць касцёлы Святога Тамаша Апостала ў Бангкоку, святой Монікі ў правінцыі Нан і Святога Язэпа ў правінцыі Пхраэ.
Па дадзеных на 2019 год, у Тайландзе пражывае 388 тысяч каталікоў, што складае невялікі працэнт насельніцтва гэтай пераважна будыйскай краіны. Касцёльная структура налічваюць дзве архідыяцэзіі, дзевяць дыяцэзій і 502 парафіі. Пры гэтым Касцёл у Тайландзе мае ўсяго 60 зацверджаных месцаў пакланення.
Па матэрыялах Vatican News [2]
Пераклад Марыны Ткач