- Каталіцкі Веснік - https://catholicnews.by -

У Смаргоні адзначылі свята ў гонар св. Яна Боска

[1]29 студзеня ў смаргонскім араторыі, які працуе пры парафіі Св. Міхала Арханёла, адбылося свята ў гонар св. Яна Боска. Галоўная ідэя метаду ксяндза Боска — нястомны пошук дабра, якое знаходзіцца ў іншай асобе. У кожным чалавеку ёсць нешта добрае, можа, прысутнае ў зародку, што аднойчы зможа расквітнець. Проста для гэтага неабходны асаблівы клімат, які і імкнуцца пашыраць у смаргонскім араторыі.

Свята распачалося св. Імшой, падчас якой кс Артур Ляшнеўскі SDB звярнуў увагу ўсіх прысутных на тое, што сапраўды шчаслівым можна назваць чалавека, які імкнецца, каб Бог быў у цэнтры ўсяго яго жыцця. Таксама святар нагадаў, што Бог чакае кожнага ў сваім доме, падчас кожнай св. Імшы, у сакраманце паяднання.

Пасля Імшы дзеці і іх бацькі накіраваліся ў араторый. У праграме было прапанавана прыпомніць цікавыя моманты і асаблівых людзей, якіх св. Ян Боска сустрэў у сваім жыцці. Дзеці пабывалі ў доме мамы Маргарыты, сустрэліся з адным з выхаванцаў араторыя – св. Дамінікам Савіо, пачулі пра першых салезіянскіх місіянераў у Аргенціне і згулялі ў цікавы футбол. Удзельнікаў свята асабліва зацікавіла св. Марыя Дамініка Мадзарэлло, якая пасля размовы з імі прапанавала разам зрабіць піцу.

[2]

Праз гульні, танцы, створаны клімат ва ўсіх панаваў радасны настрой. Асаблівым чынам дзеці чакалі часу, калі змогуць даведацца, чым частаваў ксёндз Боска калісьці сваіх хлопцаў падчас святочнага араторыя і паспрабаваць гэтыя пачастункі.

[3]

Напрыканцы было слоўка, якое заклікала прысутных умець радавацца таму, што мы маем і дзяліцца з бліжнімі сваімі талентамі.

sdb.by [4]