- Каталіцкі Веснік - https://catholicnews.by -

У Смаргоні адбыўся першы ў Беларусі Дзень салезіянскай духоўнасці

[1]20 сакавіка ў салезіянскай парафіі імя св. Міхала Арханёла ў Смаргоні адбыўся першы ў гісторыі Беларусі Дзень салезіянскай духоўнасці.

На гэтую сустрэчу прыбылі святары салезіяне, сёстры салезіянкі, прадстаўнікі салезіянаў супрацоўнікаў, ADMA і аніматараў з усіх дамоў салезіянскай прысутнасці ў нашай краіне.

Распачаўся дзень са святой Імшы, якую ўзначаліў рэгіянальны настаяцель салезіянскага таварыства на Беларусі ксёндз Віктар Гайдукевіч SDB. Падчас казання кс. Віктар разважаў над словамі Евангелля паводле святога Яна, і асаблівую ўвагу звярнуў на асобу Нікадэма, які задаваў пытанні Езусу, каб паглыбіць сваю веру.

[2]

“Нікадэм уяўляе сабой свайго роду інтэлектуальны бок нашай веры. Супрацьдзейнічаючы «законным» сцвярджэнням фарысеяў, ён адкрывае іх крывадушнасць у захаванні закона”, — адзначыў рэгіянальны настаяцель.

“Дарагія браты і сёстры, сённяшні ўрывак Евангелля заахвочвае нас клапаціцца пра два асноўныя аспекты нашай веры. Мы павінны шукаць асабістай сустрэчы з Езусам і адначасова клапаціцца пра пазнанне праўд веры, якія таксама вядуць нас да Бога”, – падкрэсліў святар, адзначыўшы таксама і тое, як добра Евангелле дапасоўваецца да Дня салезіянскай духоўнасці.

[3]

Ксёндз Віктар адзначыў, што для салезіянскай сям’і з’яўляецца важным стварэнне супольнай асновы для правільнага разумення салезіянскай харызмы і духоўнасці. “Нам мала толькі спадзявацца на тое, што кожны з нас сам зразумеў іх і рэалізуе ў сваім жыцці. Тут дзейнічае такая ж самая канструкцыя, як у сённяшнім Евангелліі. Не хопіць толькі нашых асабістых пачуццяў, перажыванняў і разумення, нам патрэбны свайго роду салезіянскі Нікадэм, гэты інтэлектуальны элемент, які будзе пастаянна актуалізаваць і перакладаць салезіянскую харызму і духоўнасць на нашую беларускую рэчаіснасць”.

Пасля святой Імшы ўсе перайшлі ў будынак араторыя, дзе на працягу дня разважалі над дэвізам салезіянскай сям’і на 2021 год – “Натхнёныя надзеяй”, які пакінуў Генеральны настаяцель салезіянскага таварыства ксёндз Анхель Фернандэс Арцімэ SDB.

Дзякуючы розным дынамікам і супольнай працы, якія ўдзельнікам прапанавалі мадэратары сустрэчы ксёндз Павел Шчарбіцкі SDB і сястра Юлія Клевец FMA разам з камандай, прысутныя змаглі глыбей паразважаць над сэнсам дэвіза, тымі заданнямі, які ён ставіць перад салезіянамі, і спосабамі яго рэалізацыі.

[4]

Дзякуючы праведзенай працы было сфарміравана больш глыбокае разуменне салезіянскай харызмы, а таксама выпрацаваны канкрэтныя крокі па яе рэалізацыі, якія будуць далей перадавацца ў салезіянскія супольнасці, бо з-за пандэміі колькасць удзельнікаў была значна зменьшана, прысутнічалі толькі прадстаўнікі канкрэтных галін.

Ксёндз Віктар у сваім слове на завяршэнне сустрэчы адзначыў: “Сёння мы сталі заснавальнікамі вельмі патрэбнай і неабходнай ініцыятывы ў нашай краіне — Дня салезіянскай духоўнасці! Сёння мы стварылі рэчаіснасць, каб штогод супольна актуалізаваць дэвіз Генеральнага настаяцеля і яшчэ глыбей пазнаваць салезіянскую духоўнасць”.

 sdb.by [5]