У Сянне ўзводзяць новы касцёл па ўзоры знішчанага храма

Касцёл Святой Тройцы, пабудаваны ў 18-м стагоддзі, доўгія гады быў архітэктурнай адметнасцю мястэчка. Ён стаяў на пагорку, і крыж на франтоне быў відаць з усіх навакольных вёсак. Пра гэта ксяндзу Міхаілу Ермашкевічу распавядала ягоная бабуля, і першы макет зруйнаванага ў 1962-м годзе будынка ён зрабіў яшчэ маленькім хлопчыкам.

Ідэя аднавіць разбураны касцёл яго ніколі не пакідала. І калі давялося вярнуцца на сваю малую радзіму ў 2014-м годзе, то ён актыўна ўзяўся за яе ўвасабленне. Пра новы храм тут марылі даўно, бо зараз сенненскія вернікі моляцца ў драўлянай каплічцы – памяшканні, дзе нават няма ацяплення, кажа ксёндз Міхаіл:

– Яе ўвогуле перавезлі з Дунілавіч, там яна прастаяла невядома колькі. У яе сценкі – 10 сантыметраў таўшчынёй. Узімку там лядоўня, людзі хварэюць, віно замярзае, вада замярзае… А ўлетку няма чым дыхаць. Трэба было нешта будаваць.

Спробы збудаваць новы храм былі і раней, папярэднік ксяндза Міхаіла прапаноўваў і поўнае аднаўленне касцёла. Але частку былой касцёльнай тэрыторыі аддалі пад паркоўку. Тады з’явілася ідэя ўзвесці рэпліку зруйнаванага гістарычнага помніка. Не копію, раз гэтага нельга зрабіць на ранейшым месцы, а храм-успамін у зменшаным маштабе, тлумачыць Міхаіл Ермашкевіч:

– Па плошчы ў 9 разоў меншы – меншы ў тры разы ў вышыню, у шырыню і ў даўжыню. Казаць, што гэта копія, будзе не слушна, бо не ўсё дакладна. Гэта рэпліка таго касцёла, што быў, максімальна набліжаная да сапраўднасці, што тычыцца фасаду. Дзе былі падмуркі закрыстыі таго касцёла, так на іх збудаваўся гэты маленькі.

Аўтар фотапраекцыі А.Невар

На будаўніцтве занятыя ўсяго 4 чалавекі – гэта вернікі або іх сваякі. Узводзяць будынак за кошт дабрачыннай дапамогі і ахвяраванняў. Спярша планавалася, што касцёл збудуюць да абласных “Дажынак-2016”, якія прайшлі ў Сянне. Але праект своечасова не быў гатовы, потым пачаліся бюракратычныя затрымкі. Уласна будоўлю распачалі 4 з паловай месяцы таму. У наступным годзе ксёндз Міхаіл плануе скончыць працы, у тым ліку і ўнутранае аздабленне храма. Яно таксама будзе рабіцца паводле інтэр’еру зруйнавага ў савецкія часы касцёла.

Ганна Ліпка, Беларускае Радыё Рацыя

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі