- Каталіцкі Веснік - https://catholicnews.by -

У Сапоцкіне прайшлі велікапосныя рэкалекцыі для супрацоўнікаў таварыства “Caritas”

[1]З 1 па 3 красавіка ў Доме міласэрнасці ў Сапоцкіне адбыліся рэкалекцыі для супрацоўнікаў дабрачыннага каталіцкага таварыства “Caritas” у Беларусі.

Збірацца на духоўныя разважанні ў перыяд Вялікага посту ўжо стала традыцыяй для працаўнікоў таварыства. Сёлета рэкалекцыі арганізавала “Caritas” Гродзенскай дыяцэзіі на чале з яго дырэктарам кс. Віталіем Дабраловічам. Правёў іх кс. Андрэй Зайко, які працуе ў касцёльным судзе Гродзенскай дыяцэзіі. У рэкалекцыях удзельнічалі супрацоўнікі таварыства “Caritas” з усіх дыяцэзій Касцёла ў нашай краіне.

У апошні дзень рэкалекцый біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй цэлебраваў святую Імшу для іх удзельнікаў.

Разважаючы ў гаміліі над літургічным чытаннем гэтага дня, біскуп звярнуў увагу на тое, што важным для чалавека павінна быць меркаванне пра яго не іншых людзей, а Бога. Акрамя таго, па словах іерарха, “важна не тое, чаго сам чалавек хацеў бы для сябе, а тое, чаго хоча для яго Бог”.

[2]

Біскуп закрануў таксама пытанне таго, як спазнаць Езуса. Ён адзначыў, што гэта магчыма тады, калі “не шукаць уласнай славы”. “Толькі тыя, хто не шукае ўласнай славы (можна дадаць: і ўласнай карысці), змогуць спазнаць Езуса, гэта значыць будуць разумець Пісанні і ўсё, што яны прадказваюць. Хто дазволіць фармаваць сябе ў веры, той будзе таксама ўсё глыбей спазнаваць праўду пра Сына, бо сам будзе станавіцца сынам”, – патлумачыў іерарх.

Біскуп дадаў, што адпавядаць гэтым патрабаванням вельмі складана, бо “цяжка адмаўляцца ад уласнай волі і славы”, таму, па яго словах, трэба прасіць дапамогі ў Бога, “пакладацца не на свае сілы, а на Яго моц”. Іерарх заахвоціў удзельнікаў літургіі жыць моцаю Божай ласкі і адкрываць гэтую ласку кожны дзень.

Біскуп удзяліў супрацоўнікам дабрачыннага таварыства благаслаўленне на шчаслівае вяртанне з рэкалекцый і на плённую дзейнасць.

Grodnensis.by [3]