У Санкт-Пецярбургу адрадзіліся Імшы па-беларуску

14 лютага 2021 года ў расейскім Санкт-Пецярбургу аднавіліся каталіцкія Імшы па-беларуску, паведамляе Белсат.

Першая за доўгі час беларускамоўная Імша прайшла ў парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі – у капліцы бласлаўлёнага Тэафілюса Матулёніса, які ў 1928–1943 гадах быў дапаможным біскупам Магілёўскім.

Служыў яе пробашч касцёла Януш Прусіноўскі, які раней пэўны час нёс служэнне ў беларускім Сянно і з тых часоў ведае беларускую мову. З ініцыятывай служэння Імшы па-беларуску выступілі мясцовыя беларусы. Ладзілі набажэнства з дапаможнікам, выдадзеным у Санкт-Пецярбургу ў 2006 годзе, калі ў парафіі працаваў семінарыст з Беларусі, будучы ксёндз Сяргей Сурыновіч.

Падчас Літургіі ўшанавалі памяць Тарэсы Шырмы, якая брала актыўны ўдзел у жыцці парафіі, выдавала па-беларуску газету «Krynica» і вяла праграмы на беларускай мове на пецярбургскім хрысціянскім «Радыё Марыя». Яна памерла 5 лютага.

Служыць Імшу па-беларуску плануецца кожную другую нядзелю. 14 лютага ў ёй узялі ўдзел каля 20 чалавек.

Міхаіл Фацееў, фота

для друку для друку