[1]79-гадовы Анджэла Арыгоні ўсё жыццё прысвяціў выпечцы хлеба. З дзяцінства ён назіраў, як яго бабуля і бацька абслугоўвалі асаблівага кліента, які жыў у Ватыкане.
«У 1930 годзе мы пачалі абслугоўваць Папу Пія ХІ, — распавядае пекар. — З Ватыкана прыехала давераная асоба з партфелем, які зачыняўся, як куфар. У бабулі з бацькам быў ключ, дык яны адчынялі, клалі туды хлеба і неслі Папу».
На працягу 93 гадоў гэтая рымская пякарня, размешчаная недалёка ад Ватыкана, частавала Папаў Рымскіх, кожны з якіх меў свой асаблівы смак.
«Я сам яшчэ не быў на свеце ў часы Пія ХІ, а ў часы Пія ХІІ я быў вельмі малады. Памятаю, ён любіў здобны хлеб, які тады гатавалі з хрэнам. Ян XXIII любіў маленькія біскоці і бутэрброды», — успамінае Арыгоні.
Першым Папам, з якім ён сустрэўся асабіста, быў Ян XXIII.
«Манахіні адчынілі мне дзверы, я перадаў ім хлеб, і калі ішоў па калідоры, мяне заўважыў Папа. Манахіні сказалі мне: «Святы Айцец хоча пагаварыць з табой». Калі я вярнуўся ў пякарню, мой тата сказаў: «Чаму ты так марудзіш? Хутчэй, табе трэба ў школу!» А я яму ў адказ: «Тата, я размаўляў са Святым Айцом!» Саму размову не памятаю, бо быў вельмі ўсхваляваны».
Анджэла Арыгоні таксама ўзгадвае, як Бэнэдыкт XVI асабіста хадзіў купляць хлеб, калі быў кардыналам.
«Ратцынгер прыязджаў сюды, калі быў кардыналам, але я не ведаў, што ён кардынал, бо ён прыходзіў у звычайным адзенні. Раз на тыдзень прыходзіў па хлеб», — кажа ён.
Калі Францішак быў абраны Папам, Арыгоні даслаў яму хлеб, які нагадваў яму пра дом.
«Калі я пачуў, што новы Папа прыбыў з Аргенціны, я адразу спытаў мясцовых аргенцінцаў аб тым, які хлеб яны пякуць на сваёй радзіме. Я збіраўся прыгатаваць яго, але Францішак адказаў, што падыдзе любы хлеб, што ён не хоча, каб хлеб рабілі выключна для яго».
Цяпер знакамітая пякарня вымушана зачыніцца з-за недахопу фінансаў на ўтрыманне бізнесу.
Яе адсутнасць адчуе не толькі Ватыкан. Рыму таксама будзе не хапаць знакамітага хлеба Анджэла Арыгоні.
Паводле romereports.com [3]
