У Рыме можна будзе зблізку ўбачыць Святую Калыску

Рэліквія Святой Калыскі

Рэліквію Святой Калыскі ў базіліцы Санта-Марыя-Маджорэ часова перанясуць з гістарычнай нішы, каб вернікі маглі ўбачыць яе зблізку.

З 15 кастрычніка 2026 года ў папскай базіліцы Санта-Марыя-Маджорэ ў Рыме вернікі і пілігрымы змогуць убачыць зблізку Святую Калыску – 5 драўляных фрагментаў сікамора, якія традыцыя атаясамлівае з часткамі ясляў, у якія Марыя паклала нованароджанага Езуса.

Рэліквія на некалькі тыдняў пакіне сваё звычайнае месца ў манументальнай капэле перад папскім алтаром і будзе змешчана на адным з бакавых алтароў правай навы, побач з Сікстынскай капліцай.

Часовае перамяшчэнне звязана з рэстаўрацыяй гістарычнай нішы і рэліквіярыя. Унутраную канструкцыю вітрыны, зробленую з драўляных панэляў, заменяць на новую, якая будзе гарантаваць больш стабільныя ўмовы захавання, бяспеку і кантроль мікраклімату. Адначасова за Святой Калыскай з’явіцца новы сіні мазаічны фон са шкляной смальты і золата. Ён будзе сімвалічна адлюстроўваць неба ў ноч Нараджэння Хрыста, а размяшчэнне зорак паўторыць нябесную канфігурацыю, рэканструяваную для ночы ў Бэтлееме.

Пашана да гэтай рэліквіі цесна звязана з гісторыяй Санта-Марыя-Маджорэ, якую стагоддзямі называлі таксама Санта-Марыя-ад-Прэсэпэ (Святая Марыя ля ясляў). Традыцыя звязвае прысутнасць рэліквіі ў Рыме з пашанай да месцаў Нараджэння Хрыста і са святым Геранімам, які жыў у Бэтлееме ў IV-V стагоддзях.

У 1802 годзе Джузэпэ Валадыер распрацаваў для драўляных фрагментаў рэліквіярый у форме калыскі, а ў 1861-1864 гадах архітэктар Вірджыніа Веспіньяні стварыў перад папскім алтаром манументальную капэлу, дзе рэліквія захоўваецца сёння.

24 снежня 2026 года Святая Калыска паводле традыцыі будзе ўрачыста перанесена да папскага алтара на ўвесь перыяд Божага Нараджэння, а пасля вернецца ў гістарычную нішу з новай вітрынай і абноўленым мазаічным фонам.

Як паведамляе адміністрацыя базілікі Санта-Марыя-Маджорэ, рэстаўрацыйныя работы праводзяцца пад наглядам Дырэкцыі музеяў і культурнай спадчыны Губернатарата Дзяржавы Ватыкан і даручаны майстэрні “Progetto Arte Poli” з Вероны.

кс. Аляксандр Амяльчэня, беларуская рэдакцыя Vatican News

для друку для друку