[1]Праход праз Святыя дзверы, адчыненыя ў ватыканскай базыліцы ў Юбілейны год, стаў першым пунктам візіту прэзідэнта Польшчы Анджэя Дуды і першай ледзі Агаты Корнхаўзер-Дуда ў Ватыкане. Прэзідэнцкую пару суправаджалі, між іншым, амбасадар Польшчы пры Апостальскай Сталіцы Адам Квяткоўскі і першы саветнік амбасады Эвеліна Брудніцка.
У базыліцы святога Пятра прэзідэнцкую пару разам з суправаджаючай дэлегацыяй вітаў рэгент Апостальскай Пэнітэнцыярыі біскуп Кшыштаф Ныкель. У другой палове дня прэзідэнт Дуда з жонкай памаліліся каля магілы святога Яна Паўла ІІ і на магіле святога Пятра. У сваю чаргу кіраўнік дзяржавы сустрэўся з дзяржсакратаром Ватыкана кардыналам П’етра Паролінам.
Як заявіў Прэзідэнт падчас прэс-канферэнцыі перад ад’ездам у Італію, візіт у Ватыканскую базыліку звязаны, між іншым, з тым, што 2 красавіка спаўняецца 20 гадоў з дня смерці святога Яна Паўла ІІ. — Такім сімвалічным чынам, таксама праз малітву і праз нашу прысутнасць, як прэзідэнцкая пара, мы хочам выказаць удзячнасць і пашану Святому Айцу за ўсё, што ён зрабіў для нас, для польскага народа, для Польшчы, для нашай свабоды ў той час, калі ён быў тут з намі, — сказаў Анджэй Дуда.
Паводле deon.pl [2]
пераклад Марыны Ткач