- Каталіцкі Веснік - https://catholicnews.by -

У Польшчы адбыўся чэмпіянат па шахматах сярод духавенства

[1]Спаборніцтва праходзіла з 6 па 10 ліпеня ў гістарычным Collegium Marianum у Пельпліне. У сёлетнім юбілейным мерапрыемстве, якое стала пастаянным элементам спартыўнага календара Касцёла ў Польшчы, удзельнічалі святары, кансэкраваныя асобы і выпускнікі. Як падкрэсліў дзяржаўны суддзя Юзэф Флажынскі, узровень спаборніцтваў з кожным годам расце, што дэманструе ўсё большы прафесіяналізм шахматыстаў-святароў.

Пераможца турніру, клерык Адам Капачэўскі, прызнаўся, што абарона чэмпіёнскага тытула патрабавала велізарных намаганняў. Шахматы, від спорту, якім ён займаецца з ранняга дзяцінства, — гэта яго запал, які вучыць яго дысцыпліне і аналітычнаму мысленню.

Шахматы, хоць і здаюцца статычнымі, патрабуюць выключнай фізічнай падрыхтоўкі і псіхічнай устойлівасці. Прэс-сакратар чэмпіянату, айцец Славамір Паўлоўскі SAC, адзначыў, што класічныя партыі могуць доўжыцца да чатырох гадзін. Такая нагрузка — гэта не толькі выпрабаванне разумовай працаздольнасці, але і выдатны ўрок пераадолення паразы, навучанне пакоры і аднаўленню раўнавагі — цнотаў, настолькі важных у штодзённым пастырскім служэнні і духоўным жыцці.

Гісторыя шахматных сустрэч польскага духавенства бярэ свой пачатак у 2002 годзе, калі па ініцыятыве айца Станіслава Дэмбоўскага ў спаборніцтвах у Закапанэ прынялі ўдзел толькі шэсць гульцоў. Заснавальнік чэмпіянату працягвае актыўна ўдзельнічаць, разглядаючы сістэматычныя трэніроўкі як спосаб падтрымання інтэлектуальнай формы. За апошнія чвэрць стагоддзя ініцыятыва ператварылася ў жывую супольнасць, якая аб’ядноўвае духавенства з усёй краіны.

Удзельнікі высока ацанілі арганізацыйны ўзровень турніру. Духавенства з усёй краіны захаплялася прыгажосцю месца, дзе праходзіў чэмпіянат, малілася ў велічнай катэдральнай базіліцы і любавалася Бібліяй Гутэнберга ў дыяцэзіяльным музеі. Удзельнікі чэмпіянату высока ацанілі велізарную адданасць галоўных арганізатараў — айца Дарыюша Дронжэка і айца Крыштафа Дамарачэнкі.

Па матэрыялах misyjne.pl [2]
Пераклад Марыны Ткач