- Каталіцкі Веснік - https://catholicnews.by -

У Полацку адбылася сустрэча катэхетаў Віцебскай дыяцэзіі

[1]17 мая ў Полацку з удзелам біскупа Алега Буткевіча адбылася сустрэча выкладчыкаў катэхезы Віцебскай дыяцэзіі.

Сустрэча мела характар малітоўна-фармацыйны, у ёй прынялі ўдзел святары, сёстры і свецкія асобы, якія ў парафіях вучаць рэлігіі дзяцей і моладзь.

Напачатку адбылася Эўхарыстычная адарацыя з Маёвым набажэнствам да Найсвяцейшай Панны Марыі, а потым — святая Імша, цэлебрацыю якой узначаліў біскуп Алег Буткевіч.

Фармацыйная частка праграмы ўключала дзве канферэнцыі. Афіцыял Біскупскага суда кс. ліцэнзіят Аляксей Ляшко прадаставіў дакумент ККББ «Прынцыпы працы і правілы паводзін з непаўналетнімі ў дыяцэзіях Беларусі» і засяродзіўся на некаторых момантах:

[2]

Святар падкрэсліў, што «мы (святары/сёстры) павінны тлумачыць, што абавязак рэлігійнага выхавання ляжыць на бацьках, а катэхеты толькі дапамагаюць».

Тэмай другой канферэнцыі стала «Дзяцінства – прастора дабрыні” (Дзеці супраць жорсткасці і гвалту), якую прэзентавала с. Ірына Барцэвіч FMA. Манахіня скончыла двухгадовую аспірантуру пры Акадэміі “IGNATIANUM” (Кракаў) па накірунку “Прадухіленне сексуальнага гвалту ў дачыненні дзяцей і моладзі», прыналежыць да камісіі аховы непаўналетніх пры ККББ у якасці прадстаўніка Каардынацыйнай групы вышэйшых Настаяцеляў, Дэлегатаў і Прадстаўнікоў мужчынскіх і жаночых Інстытутаў і Таварыстваў апостальскага жыцця ў Беларусі.

[3]

Сястра Ірына дала некалькі практычных парад, што рабіць, калі да вас звярнуліся па дапамогу пасля жосткасці ці гвалту. Па-першае, трэба выслухаць чалавека, ні ў якім разе не абвінавачваць, па-другое пастарацца быць побач, не адкідаць яго. Не кожны можа прапанаваць псіхалагічную кансультацыю, таму даць тэлефоны даверу, куды можна патэлефанаваць 24/7 (+37517 290-44-44 альбо гарачая лінія для дзяцей і моладзі (ахвяр гвалту) 8 801 100 8 801).

Манахіня таксама звярнула ўвагу катэхетаў, што вельмі важна мець кантакт з бацькамі.

У групах, якія шукалі адказы на выклікі і заданні, якія ляжаць перад катэхетамі, атрымаліся наступныя вынікі:

[4]

Пасля агульнай сустрэчы адбылося спатканне катэхетычнага аддзела Курыі Віцебскай дыяцэзіі.

Наступнае спатканне катэхетаў запланавана на 9 верасня ў Глыбокім.

Марына Сінкевіч, тэкст
Леанід Юрык, фота