- Каталіцкі Веснік - https://catholicnews.by -

У пасольстве Францыі прайшоў дабрачынны вечар па зборы сродкаў на Будслаўскую святыню

[1]16 чэрвеня ў Мінску адбыўся дабрачынны вечар па зборы сродкаў на аднаўленне Нацыянальнага санктуарыя Маці Божай Будслаўскай пасля пажару. Як інфармуе budslau.by [2], ён быў арганізаваны пасольствам Францыі ў Беларусі.

У дабрачынным вечары прынялі ўдзел прадстаўнікі дыпламатычнага корпуса з розных краін, а таксама міжнародных арганізацый — МФВ, ААН. Сярод ганаровых гасцей — прадстаўнікі некалькіх канфесій.

На пачатку вечара гасцей вітаў пасол Францыі ў Беларусі Нікаля дэ Буйан дэ Лакост. Ён узгадаў 15 красавіка — пажар у Нотр-Даме. Гэта трагедыя нікога не пакінула раўнадушным не толькі ў Францыі, беларусы таксама выказвалі спачуванні, неслі кветкі да французскага пасольства.

[3]

Было зачытана пасланне парыжскага арцыбіскупа, а таксама ліст ад мітрапаліта Веніяміна. З прывітальным словам выступіў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі біскуп Алег Буткевіч. Пра каштоўнасць Будслаўскага касцёла, яго гістарычную і духоўную значнасць і трагедыю 11 мая распавёў ксёндз Віталь Дабраловіч.

Акрамя гэтага, госці ўбачылі фільм пра тое, як аднаўляецца Нотр-Дам, праверылі сябе ў віктарыне. Па выніках дабрачыннага вечара было сабрана 11 935 руб., якія будуць накіраваны на аднаўленне Будслаўскай святыні.

Генадзь Шарыпкін, фота