[1]Падзея адбылася ў панядзелак 12 верасня. Нягледзячы на тое, што гэта быў працоўны дзень, у святыні сабралася каля паўтысячы вернікаў.
Галоўная Імша ўрачыстасці распачалася ў 16 гадзін. У ёй прынялі ўдзел ксяндзы Раман Мурзіч, пробашч парафіі ў Параф’янаве, Мікалай Ліпскі з Лучая, Віталь Галец з Ушачаў, айцы Марак Пасют і Андрэй Букштан, а таксама сёстры Надзея і Маргарыта з Докшыц. Акрамя вернікаў парафіі на фэст прыехалі вернікі з Мінска, Глыбокага, Шаркаўшчыны, Ваўкалатаў, Лучая, іншых мясцін нашай краіны.
Богаслужэнне правёў айцец Андрэй Букштан OFMCap, які зараз служыць у Докшыцах. У сваім слове да вернікаў ён звярнуў увагу на вобраз Марыі як Маці.
“Маці з’яўляецца самым блізкім чалавекам у нашым жыцці, — адзначыў святар, — таму і Божая Маці з’яўляецца для нас усіх такой асобай. Яна дапамагае нам прыйсці да Бога. Часта чалавек, зграшыўшы, баіцца заглянуць у вочы Бога. І гэты страх з’явіўся ў людзей яшчэ з біблейскіх часоў, пасля таго, як змей спакусіў Еву.”
“Але Бог ёсць любоў, і ён стварыў чалавека для любові, — падкрэсліў святар, — таму няма такога граху, якога Бог не ў стане дараваць”. Галоўнай умовай гэтага павінна быць толькі шчырае пакаянне чалавека. І ў гэтым яму можа дапамагчы Марыя. Яна можа служыць нам прыкладам чысціні, сціпласці, пакоры.
Часта ў жыцці здараецца так, што чалавек імкнецца сваю віну перакласці на іншага: мужа, жонку, суседа, начальніка, падначаленага. Але за свае правіны трэба вучыцца несці адказнасць самаму. І калі мы самі пачнем мяняцца ў лепшы бок, то тады і нашы бліжнія таксама зменяцца.
А пачаць жыццё нанова ніколі не позна, — адзначыў айцец Андрэй, — для гэтага трэба толькі прыйсці да Марыі і ад шчырага сэрца папрасіць аб гэтым. І Яна абавязкова дапаможа.
Падчас Імшы адбылася працэсія з дарамі. Вернікі паднеслі да алтара кветкі, як сімвал прыгажосці свету, мёд і лекавыя расліны, што аздараўляюць нас фізічна, садавіну і хлеб, што даюць нам фізічныя сілы, а таксама святыя дары: гостыю, віно і ваду, якія даюць нам духоўныя сілы і яднаюць з Богам.
Напрыканцы святой Імшы адбылося выстаўленне Найсвяцейшага Сакраманту, пасля чаго вернікі памаліліся літаніяй да Маці Божай. А па заканчэнні літаніі адбылася працэсія вакол касцёла, у якой прынялі ўдзел усе вернікі.
Закончылася Імша спевам гімна “Цябе, Бога, праслаўляем”, а пасля гімна хор праспяваў песню “Ave Maria”, словы да якой напісаў Зянон Пазняк, а музыку – Ігар Лучанок.
Але святой Імшой уласна фэст не скончыўся. Гасцей свята чакаў яшчэ канцэрт на свежым паветры. На гэты раз парадаваць вернікаў сваім выступам прыехалі спявак Лявон Вольскі і саксафаніст Павел Аракелян. Лявон і Павел выступаюць тут не ўпершыню. Як прызналіся выканаўцы, перад касцельнай публікай ім даводзіцца выступаць толькі ў нас на Віцебшчыне, тут, у Параф’янаве і ў Лучаі.
Пасля іх выступіў спявак Сяргей Савіцкі, які выканаў песні з рэпертуару ансамбля “Песняры”. Калі песні Лявона Вольскага больш любяць слухаць гледачы маладога і сярэдняга веку, то выступ Сяргея больш крануў людзей старэйшых. Некаторыя нават танчыць павыходзілі!
Падчас канцэрта быў арганізаваны пачастунак для гасцей, які падрыхтавалі галоўныя спонсары свята. Так ксёндз Раман называе сваіх парафіян. Паспрыяла святу ў гэты раз і надвор’е, якое можна было назваць летнім, нягледзячы на тое, што на двары ўжо верасень.
Зміцер Лупач, тэкст і фота
Леанід Юрык, відэа