- Каталіцкі Веснік - https://catholicnews.by -

У Неапалі выпадкова знайшлі невядомую капліцу XVI стагоддзя

[1]Работнікі, якія чысцілі сцены ўнутры будынка Дзяржаўнага архіва ў Неапалі, адкрылі раней невядомую капліцу з цудоўна захаванымі фрэскамі.

Ад знакамітай скульптуры Christo velato («Хрыстос пад плашчаніцай») да манастыра св. Клара, увесь Неапаль — сапраўдная скарбніца каталіцкіх шэдэўраў! Нават будынкі, у якіх зараз няма рэлігійнай дзейнасці, часта маюць каталіцкае мінулае. Так і з Дзяржаўным архівам, размешчаным на тэрыторыі старажытнага бенэдыктынскага кляштара св. Севярына Нарыцкага і св. Созія — двух мясцовых святых.

Кляштар быў пабудаваны ў 846 годзе ў гістарычным цэнтры Неапаля. На працягу стагоддзяў тут пражывала вялікая супольнасць манахаў-бенэдыктынцаў. У 1799 годзе манахі былі выселены, а кляштар па загадзе кардынала Фабрыцыо Руфо, які кіраваў Неапалем у канцы XVIII ст., пераабсталявалі на склад зброі.

У 1848 годзе новаствораны Дзяржаўны архіў, у якім захоўваліся тысячы дакументаў — ад сярэднявечных медыцынскіх трактатаў да натарыяльных актаў XV стагоддзя, — быў перавезены ў старажытны бенэдыктынскі кляштар па загадзе французскага генерала Іаахіма Мюрата, які кіраваў Неапалем падчас акупацыі.

Сёння Дзяржаўны архіў з’яўляецца дзяржаўным будынкам; але пра яго манастырскае мінулае сведчаць прыгожыя двары (kiostro) і творы мастацтва (напрыклад, серыя фрэсак Антоніа Саларыа, майстра эпохі Адраджэння, якія адлюстроўваюць ключавыя моманты жыцця св. Бенэдыкта).

[2]

Некалькі месяцаў таму пачаліся рэстаўрацыйныя работы па абнаўленні некаторых сцен будынка. Падчас уборкі ў адным з пакояў архіва пад сцяной рабочыя выявілі нешта незвычайнае. Спачатку гэта было падобна на старую фарбу, але аказалася, што гэта добра захаваная фрэска XVI стагоддзя.

Фрэска, якая ўпрыгожвала адну са сцен невядомай раней капліцы, адлюстроўвае Марыю, якая трымае Хрыста.

[1]

У выніку далейшых работ на дзвюх суседніх сценах былі выяўлены дзве іншыя фрэскі. На іх намаляваны св. Севярын Нарыцкі і св. Созій.

[3]

«Мы і не здагадваліся, што там ёсць капліца!» Зараз вядуцца далейшыя работы над знаходкай, каб дакладней вызначыць узрост фрэсак»,- пракаментаваў дырэктар Дзяржархіва.

А мэр Неапаля Гаэтана Манфрэдзі, у сваю чаргу, перакананы, што капліца XVI стагоддзя стане яшчэ адным важным пунктам на турыстычнай карце Неапаля.

pl.aleteia.org [4]
пераклад Марыны Ткач