[1]З 7 па 9 лістапада пры парафіі святога Міхала Арханёла ў Навагрудку (Гродзенская дыяцэзія) ў пяты раз прайшоў малітоўны кангрэс у абарону жыцця і сям’і.
Мэтай яго правядзення было пакаянне за грахі беларускага народа супраць ненароджанага жыцця і традыцыйных хрысціянскіх сямейных каштоўнасцей.
Арганізатарамі мерапрыемства выступілі дабрачынны фонд «Адкрытыя сэрцы» і навагрудская парафія святога Міхала Арханёла.
На кангрэсе сабраліся актывісты руху ў абарону жыцця, члены сямейных малітоўных рухаў, вернікі, якія практыкуюць духоўнае ўсынаўленне (малітву за ненароджаных на працягу дзевяці месяцаў), і проста людзі, якія пажадалі прычыніцца да справы абароны жыцця і сям’і.
Малітоўны кангрэс распачаўся з Эўхарыстыі, якую ўзначаліў біскуп Алег Буткевіч, ардынарый Віцебскай дыяцэзіі. Пасля Эўхарыстыі ўдзельнікі кангрэсу ўсю ноч трывалі на малітве перапрашэння і ўміласціўлення.
У суботу 8 лістапада, каля 80-і чалавек прайшлі ў пілігрымцы пакаяння з Навагрудка ва Уселюб. Яны неслі ў руках белыя крыжы — сімвал забітых ва ўлонні сваіх маці, дзяцей.
Увечары таго ж дня ў Навагрудку цэлебрацыю святой Імшы ў інтэнцыі абароны жыцця ўзначаліў Гродзенскі біскуп Уладзімір Гуляй разам з біскупам Віцебскім Алегам Буткевічам. На заканчэнне Эўхарыстыі іерарх з Гродна прачытаў урачысты малітоўны Акт пакаяння беларускага народа за грахі супраць жыцця і сям’і.
«У нашай краіне ўжо 101 год, з 18 лістапада 1920 года, легальна забіваюцца дзеці ва ўлонні маці. Кожны дзень у Беларусі толькі з прычыны абортаў гінуць больш за 50 хлопчыкаў і дзяўчынак, не кажучы пра знішчэнне эмбрыёнаў праз спіралі, гарманальныя сродкі і падчас ЭКА.
Таму ў наш час асаблівым чынам «неабходная вялікая малітва за жыццё, якая ідзе праз увесь свет“ (святы Ян Павел ІІ, Evangelium Vitæ, 100)», — адзначаюць арганізатары кангрэсу.
Апошні дзень быў прысвечаны малітве і выступленням, якія датычыліся выхавання дзяцей, айцоўства, пераадолення духоўных крызісаў і пагроз для сям’і.
кс. Юрый Жэгарын




