[1]22-24 жніўня ў Навагрудку адбыўся агульнабеларускі малітоўны семінар-канферэнцыя служыцеляў Альфа-курса пад дэвізам “Камунікацыя ў любові”. Семінар быў прысвечаны тэмам звязаным з правільным будаваннем і фарміраваннем каманды служыцеляў, дзеля больш плённага служэння і выканання місіі Паўсюднага Касцёла ў справе “Новай Евангелізацыі”.
Так, паводле Божай волі сталася, што адзін з метадаў Новай Евангелізацыі – Альфа-курс, прыносіць добрыя плады ў паасобных парафіяльных супольнасцях нашай краіны. Усё больш і больш вернікаў вырашаюць прысвяціць свой час і сілы справе служэння Хрысту і Яго Касцёлу. Служыцелі Евангелізацыйнага А-курса з’яўляюцца адной з найбольш актыўных вернікаў пры сваіх парафіях, а таксама падтрымкай і апорай для настаяцеляў парафій.
Малітоўны семінар-канферэнцыя сабраў каля 100 чалавек з парафій з Гродна, Навагрудка, Мінска і Крупак. Семінар распачаўся з супольнай малітвы. На другі дзень семінара, адбыліся чатыры лекцыі спалучаныя з дзяленнем вопытам па будаванні каманды служыцеляў А-курса і асабістымі сведчаннямі. Лекцыі праводзілі служыцелі А-курса з Навагрудка. Кульмінацыяй сустрэчы была супольная Эўхарыстыя і Адарацыя Найсвяцейшага Сакраманту з заступніцкай малітвай. Падчас Найсвяцейшай Ахвяры Езуса Хрыста, кс. Антоній Грэмза ў казанні звярнуў ўвагу, што “слова Альфа, азначае першае і тое што дае пачатак” – гэта, як паўжартам адзначыў святар — “духоўны спецназ Альфа”, моцны сродак сучаснай Новай Евангелізацыі на нашай зямлі. Альфа-курс — гэта ўжо не столькі курс, а супольнасць, сям’я, якая пастаянна павінна адкрываць Божае сыноўства. Найгалоўнейшым арыенцірам для гэтай сям’і з’яўляецца служэнне ў любові – прыклад які нам паказаў сам Хрыстос, ажно да ўзаемнага абывання ног. Заданнем і прывілеем кожнага служыцеля акрэсліваецца асабістым сведчаннем веры”- адзначыў святар.
У апошні дзень семінара былі падведзены вынікі і накрэслены некаторыя планы сумеснага супрацоўніцтва. Сутрэча завяршылася супольнай Эўхарыстыяй разам з вернікамі Навагрудка.
На дадзены момант Альфа-курс праводзіцца ў Віцебску, Шуміліне, Глыбокім, Мінску, Крупках, Навагрудку і Гродне. Восенню распачынаюцца Альфа-курсы пры парафіях у вышэйпералічаных мясцовасцях. Служыцелі шчыра запрашаюць тых, хто шукае сэнсу, духоўнай падтрымкі і паглыблення пазнання Божага слова, а таксама марыць служыць Хрысту і Яго Касцёлу.
Арцём Сафарэвіч