[1]У суботу, 14 чэрвеня, адбылося пешае паломніцтва з Навагрудка ў старажытную драўляную капліцу ў Мількавічах для ўшанавання святога Антонія Падуанскага.
Пілігрымка сабрала вернікаў рознага ўзросту, якія на працягу пешага шляху маліліся і праслаўлялі Бога спевам. Асноўную колькасць пілігрымаў складалі міністранты касцёла Святога Арханёла Міхала з Навагрудка. Кульмінацыяй паломніцтва была адпустовая св. Імша, якая сабрала вернікаў з Ліды, Ваўкавыска, Бярозаўкі, Гродна, Мінска, Дзяржынска і іншых мясцовасцей.
Капліца св. Антонія ў Мількавічах, якая калісці была парафіяльным касцёлам размешчаная на старых каталіцкіх могілках, з’яўляецца гістарычным помнікам драўлянага дойлідства, якая з кожным годам прыцягвае ўсё больш і больш людзей.