[1]24 студзеня, калі ў Касцёле ў другі раз будзе адзначацца Нядзеля Божага слова, у мінскай архікатэдры Найсвяцейшага Імя Марыі адбудзецца цэлебрацыя ўрачыстай святой Імшы з удзелам арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча і біскупа Казіміра Велікасельца, паведамляе Catholic.by [2].
Нагадаем, што 3 студзеня, у дзень 75-гадовага юбілею арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча, Папа Францішак прыняў пададзенае ім згодна з нормамі кананічнага права прашэнне аб вызваленні ад пастырскага кіравання Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіяй у сувязі з дасягненнем пенсійнага ўзросту. Гэтае прашэнне арцыпастыр скіраваў Пантыфіку яшчэ за месяц да свайго 75-годдзя, падчас вымушанага знаходжання па-за межамі даручанага яго кіраўніцтву мясцовага Касцёла.
У сувязі з тым, што пасля выхаду на пенсію Мінска-Магілёўскага Мітрапаліта яго катэдра засталася вакантнай, на час да прызначэння яго наступніка Апостальскім адміністратарам архідыяцэзіі быў прызначаны біскуп Казімір Велікаселец, чые паўнамоцтвы пасля дасягнення ім у маі мінулага года пенсійнага ўзросту былі працягнуты Святым Айцом яшчэ на два гады.
Супольная Эўхарыстыя ў галоўнай святыні сталіцы стане малітваю падзякі за шматгадовае служэнне Мінска-Магілёўскага Мітрапаліта арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча, які і пасля выхаду на пенсію працягвае служыць Богу і Яго вернаму народу Касцёла ў Беларусі, несучы людзям слова праўды і суцяшэння.
Удзельнікі святой Імшы будуць таксама маліцца аб патрэбных дарах Божай ласкі для прызначанага Апостальскага адміністратара Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскупа Казіміра Велікасельца і аб тым, каб Дух Святы выбраў годнага наступніка арцыбіскупа Кандрусевіча, які заслужана карыстаецца вялікім аўтарытэтам і павагай не толькі католікаў, але і мноства іншых людзей як у нашай краіне, так і за яе межамі: не менш, чым Сведка веры кардынал Казімір Свёнтэк.
Пачатак святой Імшы ў мінскім катэдральным касцёле (пл. Свабоды, 9) 24 студзеня а 13-й гадзіне.
Адначасова на партале Catholic.by будзе весціся прамая трансляцыя [3] гэтай цэлебрацыі.
Святая Імша 24 студзеня не з’яўляецца ўрачыстым уступленнем на пасаду (інгрэсам) біскупа Казіміра Велікасельца, паколькі Апостальскі адміністратар выконвае свае абавязкі на вакантнай катэдры з моманту яго прызначэння і будзе іх выконваць у гэтай якасці ажно да ўрачыстага ўступлення на пасаду (інгрэса) новага Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага.