[1]Узвядзенне касцёла святога Антонія вядзецца з 2013 года па вуліцы Ясеніна.
Адміністрацыя Маскоўскага раёна Мінска запрашае прыняць удзел у грамадскім абмеркаванні “Горадабудаўнічага праекта дэталёвага планавання часткі ландшафтна-рэкрэацыйнай зоны 333 ЛР ў межах вул. Рафіева — вул. Бялецкага — вул. Громава — вул. Ясеніна”, якое ладзіцца з 19 лістапада па 13 снежня. На гэтым участку ў мікрараёне “Малінаўка” размесцяцца аб’екты спартыўна-аздараўленчага і культурна-асветнага прызначэння, паведамляе адміністрацыя раёна.
На тэрыторыі спартыўна-культурнага цэнтра на перспектыву плануецца будаўніцтва крытых тэнісных кортаў у складзе спартыўнага цэнтра Максіма Мірнага, басейна, кафэ, завяршэнне фарміравання храмавага комплексу праваслаўнага прыходу прападобнага Серафіма Сароўскага з будаўніцтвам храма і двух капліц, а таксама завяршэнне будаўніцтва сціплага храма рымска-каталіцкай парафіі святога Антонія.
Засваенне тэрыторыі павінна адбыцца да 2024 года. Азнаёміцца з праектам, а таксама выказаць сваё меркаванне можна ў адміністрацыі Маскоўскага раёна Мінска. Прэзентацыя праекта адбудзецца ў актавай зале будынка адміністрацыі 21 лістапада ў 18 гадзін.
Сталічная каталіцкая парафія св. Антонія была заснавана яшчэ ў 1996 годзе. Пакуль у парафіі няма свайго храма, ўсе набажэнствы праводзяцца ў памяшканні ЖЭС №84 па адрасе пр. Газеты “Звязда”, 18A.
katolik.life [2]