[1]У араторыі імя св. Яна Боска, які дзейнічае пры парафіі св. Яна Хрысціцеля ў Мінску, адбылася трэцяя салезіянская Аратарыяда. Удзельнікамі былі каманды араторыяў з Мінска, Смаргоні, Бараўлянаў і Дзятлава. Каманды складаліся з хлопцаў і дзяўчат, якiя навучаюцца ў 5-7-х класах.
Арганізатарам спаборніцтваў і спонсарам мерапрыемства ў супрацоўніцтве з кс. Алегам Каралёвым SDB, адказным за Аратарыяду, святарамі салезіянамі, салезіянамі супрацоўнікамі, сёстрамі салезіянкамі і аніматарамі, выступіла рэілігійная каталіцкая місіі “Таварыства Святога Францішка Сальскага”.
На спартыўным свяце прысутнічаў рэгіянальны настаяцель салезіянскага таварыства ў Беларусі кс. Павел Шчарбіцкі SDB. На пачатку Аратарыяды ён звярнуўся да ўдзельнікаў з наступнымі словамі: “Мы прыехалі сюды, каб займацца спортам, замагацца, перамагаць і шукаць праз гэта сяброў, а не станавіцца ворагамі і канфліктаваць. Каб гэта гульня была ў стыле ўзаемнай радасці, трэба мець адкрытыя вочы”.
Праявіць свае здольнасці падлеткі змаглі ў настольным тэнісе, настольным футболе, дартсе, шашках, агульнай фізічнай падрыхтоўцы, інтэлектуальным конкурсе, спартландыі, рухомай гульні “Два капітана” і ў відэагульне “Just Dance”.
Каманда з мiнскага араторыя стала ў гэтым годзе пераможцам, набраўшы ў выніковай табліцы больш ачкоў.
Другое месца заняла каманда араторыя св. Дамініка Савіо з Бараўлянаў, трэцяе – каманда араторыя імя св. Яна Боска са Смаргоні, чацвёртае – каманада араторыя імя блл. мучанікаў з Познані (Дзятлава).
Спартыўныя баталіі прынеслі ўдзельнікам неверагодныя эмоцыі: радасць перамогі, слёзы і расчараванне паражэння, захапленне і падтрымку сяброў, асалоду ад новых знаёмстаў.
Напрыканцы Аратарыяды дэлегат падзякаваў арганізатарам за падрыхтоўку і правядзенне спартыўнага мерапрыемства, а ўдзельнікам – за годны прыклад барацьбы. Кс. Алег Каралёў SDB у сваю чаргу заклікаў удзельнікаў падзякаваць тым, хто іх рыхтаваў да ўдзелу ў Аратарыядзе.
Дар’я Купцова, sdb.by [4]

