[1]У касцёле святых Сымона і Алены ў Мінску 12 сакавіка адбыўся курс для катэхетаў і для студэнтаў трэцяга курса тэалагічнага каледжа імя св. Яна Хрысціцеля. Арганізатарам стаў Катэхетычны аддзел Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.
Сятра Часлава Навіцкая, старшыня катэхетычнага аддзела, шчыра прывітала ўсіх прысутных. На плённую працу катэхетаў паблаславіў кс. Аляксандр Шамрыцкі МІС.
На сустрэчы адзначалася, што асоба катэхета ў выхаванні важнейшая за ўсе метады. Чалавек, які выкладае рэлігію падобны да машыны, якая мае чатыры колы: розуму, волі, пачуццяў, фізіялогіі.
“Бог уздзейнічае на розум і волю, а нячысты дух дакранаецца да пачуццяў і фізічнага стану. Таму чалавек павінен клапаціцца пра збалансаванасць кожнага кола і працаваць над кожным, каб не дазваляць дзейнічаць над сабою злому,” – гаварылася на сустрэчы.
“Катэхеты з’яўляюцца своеасаблівымі Божымі інструктарамі, а Бог – галоўны інструктар. Інструкцыя язды – любоў і прабачэнне”, — адзначалася на канферэнцыі.
Прысутныя вучыліся больш глыбока бачыць асобу выхаванка, падзяліўшыся на групы, характарызалі асаблівасці кожнага ўзроста вучняў, разглядалі метады, з дапамогай якіх можна працаваць на занятках.
Прыводзіліся цікавыя прыклады з працы катэхетаў. Была магчымасць паглядзець відэаролікі, распавесці пра асаблівасці аналізу твораў мастацва, біблійных твораў.
Пасля таго як плённая праца скончылася, катэхеты шчыра падзякавалі арганізатарам за правядзенне курса.
Ірына Грэйць











