- Каталіцкі Веснік - https://catholicnews.by -

У мінскай архікатэдры адбылася Імша з нагоды 35-годдзя адраджэння структур Каталіцкага Касцёла ў Беларусі

[1]13 красавіка ў мінскім архікатэдральным касцёле Імя Найсвяцейшай Панны Марыі цэлебравалася святая Імша падзякі з нагоды адразу некалькіх памятных падзей: 35-годдзя адраджэння структур Каталіцкага Касцёла ў Беларусі, а таксама аднаўлення колішняй Мінскай дыяцэзіі і Магілёўскай архідыяцэзіі ў выглядзе Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі і новай Мінска-Магілёўскай мітраполіі. Узначаліў цэлебрацыю Эўхарыстыі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі.

Перад Эўхарыстыяй ксёндз канонік Аляксей Раманчук прачытаў даклад біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB на тэму «Каталіцкі Касцёл у Беларусі ў кантэксце 35-годдзя аднаўлення яго структур».

На пачатку святой Імшы галоўны цэлебрант прывітаў сабранае духавенства, канонікаў катэдральнага капітула святога Арханёла Міхала і Маці Божай Будслаўскай, кансэкраваных асобаў і вернікаў. Ля алтара Пана прысутнічалі арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч, Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі, біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка, біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй, Апостальскі адміністратар для грэка-католікаў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек.

Мітрапаліт назваў дзень адраджэння каталіцкіх структур ў Беларусі «добрай нагодай для паслухмяных дзяцей Касцёла, каб выказаць падзяку Богу і, вядома, усім асобам, духоўным і свецкім, якія спрычыніліся да гэтага адраджэння». Асаблівым чынам прамоўца ўзгадаў спачылых заслужаных іерархаў: кардынала Казіміра Свёнтэка і біскупа Казіміра Велікасельца.

[2]

Сёння ўсе чатыры дыяцэзіі маюць біскупаў і нават дапаможных біскупаў, што з’яўляецца падставай для радасці, бо, згодна з працытаванымі арцыпастырам словамі святога Ігнацыя Антыёхскага, «дзе біскуп, там Касцёл».

Арцыбіскуп заклікаў з надзеяй глядзець у будучыню і запэўніў, што ўсё «будзе выдатна, бо Божы Провід над намі».

Гамілію да сабраных прамовіў непасрэдны сведка і ўдзельнік касцёльнага адраджэння ў Беларусі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, папяпэднік сённяшняга Мітрапаліта на пасадзе.

Заслужаны іерарх распачаў сваю прамову словамі, якія маюць фундаментальнае значэнне ў каталіцкай эклезіялогіі: «Ты — Пётр, скала, і на гэтай скале Я пабудую Касцёл Мой, і брамы пякельныя не перамогуць яго (пар. Мц 16,18). На працягу гісторыі развіцця каталіцкай канфесіі ў Беларусі стала відавочным, што Касцёл, збудаваны на Пятры, сапраўды непераможны.

[3]

Арцыбіскуп Тадэвуш нагадаў асноўныя этапы станаўлення Каталіцкага Касцёла на беларускіх землях, асабліва адзначыўшы стварэнне ў 1773 годзе царыцай Кацярынай ІІ некананічнага Беларускага біскупства са сталіцай у Магілёве, якое ў працэсе доўгіх перамоў паміж Санкт-Пецярбургам і Апостальскай Сталіцай у выніку было прызнанае Папам Піем VI у 1883 годзе і павышанае ў статусе да Магілёўскай архідыяцэзіі.

Трэці падзел Рэчы Паспалітай стварыў патрэбу новых дыяцэзій, і так у 1798 годзе была заснаваная Мінская дыяцэзія. Праіснаваўшы менш за стагоддзе, яна была ліквідаваная, а пасля зноў адроджаная ў 1917 годзе.

І без таго пакручасты шлях фармавання касцёльных структур у хуткім часе азмрочыўся пераследам веры у сумнавядомным ХХ стагоддзі, у выніку чаго Касцёл застаўся без іерархіі.

Пасля дзесяцігоддзяў прапаганды атэізму ў канцы 80-х гадоў была абвешчаная доўгачаканая свабода веравызнання.

У 1989 годзе пасля доўгага перапынку быў прызначаны біскуп — Апостальскі адміністратар Мінскай дыяцэзіі для католікаў лацінскага абраду ў Беларусі. Ім і стаў Тадэвуш Кандрусевіч.

Дзякуючы намаганням заслужанага іерарха, за паўтара года Касцёлу было перададзена каля 100 раней канфіскаваных касцёльных будынкаў, былі заснаваныя Духоўная семінарыя і катэхетычныя курсы ў Гродне, было выдадзена 50 тысяч асобнікаў «Парадку Імшы» і 90 тысяч асобнікаў «Малога катэхізіса» на беларускай мове, з-за мяжы прыехалі святары і кансэкраваныя асобы для пастырскай дзейнасці, распачалася катэхізацыя дзяцей і моладзі, пачаў працаваць «Карытас» і г.д.

Іерарх адзначыў, што «няўзброеным вокам было бачна, што Касцёл дынамічна адраджаецца і мае патрэбу ў нармальных структурах на ўзроўні дыяцэзій са сваімі біскупамі».

[4]

Арцыбіскуп Тадэвуш сказаў, што выдатна памятае сонечны фацімскі дзень 13 красавіка 1991 года, калі Папа Ян Павел ІІ абвясціў аб сваім рашэнні заснаваць Мінска-Магілёўскую мітраполію з дзвюма суфраганннымі дыяцэзіямі — Гродзенскай і Пінскай. Тады ж былі прызначаныя і ардынарыі дыяцэзій.

Пробашч парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Пінску ксёндз прэлат Казімір Свёнтэк быў прызначаны на пасаду Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага і Апостальскага адміністратара Пінскай дыяцэзіі, а пробашч парафіі Святога Духа ў Вільні ксёндз Александр Кашкевіч — Гродзенскай дыяцэзіі.

У 1999 годзе да ліку суфраганій дадалася яшчэ Віцебская дыяцэзія. Актыўна пачала адраджацца Грэка-каталіцкая Царква.

У хуткім часе Тадэвуш Кандрусевіч атрымаў прызначэнне на пасаду Апостальскага адміністратара ў Еўрапейскай частцы Расіі ў годнасці арцыбіскупа і пачаў адраджаць структуры ўжо там.

«Бог яшчэ раз паказаў, што Ён з’яўляецца Валадаром гісторыі, піша проста на яе пакручастых лініях і ставіць апошнюю кропку над “і”. І гэта здарылася ў фацімскі дзень. Марыя, як наша духоўная Маці, не пакінула нас адных у часы выпрабаванняў і, калі прыйшла поўня часу, выпрасіла ласку адраджэння Касцёла»,— падсумаваў арцыпастыр.

Іерарх пералічыў галоўныя дасягненні Касцёла за 35 гадоў, адзначыў, што ёсць чым ганарыцца і за што дзякаваць, а таксама за што перапрашаць.

Напрыканцы святой Імшы словы падзякі арцыбіскупу Тадэвушу Кандрусевічу за гады напружанага і адданага служэння выказаў сённяшні Мітрапаліт. Арцыбіскуп Станеўскі адзначыў, што час ніяк не змяняе арцыбіскупа эмэрыта: «Той самы моцны голас, запал, сіла».

[5]

Галава мітраполіі з пастырскім клопатам таксама нагадаў, што гэтак жа, як мы з’яўляемся дзецьмі сваёй маці, таксама мы — «дзеці Паўсюднага і лакальнага Касцёла, нашай матулі». І аб гэтых кроўных повязях і абавязках у адносінах да сваёй «матулі» варта памятаць без напаміну і асабістага запрашэння. Гэтым пастыр хацеў заахвоціць як духоўных асобаў, так і свецкіх вернікаў да руплівага служэння супольнасці і да еднасці са сваім біскупам у кожнай справе для дабра Касцёла.

Пасля гэта іерархі супольна ўдзялілі благаслаўленне ўсім вернікам і людзям добрай волі.

Фота: Кс. Павел Эйсмант
Catholic.by [6]