[1]Каталіцкі арцыбіскуп дыяцэзіі Блантайр у Малаві Томас Люк Мсуса нарадзіўся ў мусульманскай сям’і, але пазней прыняў хрост і нават ахрысціў свайго бацьку – мусульманскага імама. Пра гэта ён заявіў у інтэрв’ю Aleteia [2].
Будучы біскуп пакінуў дом у сем гадоў, каб вучыцца. На той час якасную адукацыю яму магла даць толькі каталіцкая парафія. Правучыўшыся там пяць гадоў, ён вырашыў прыняць хрост, а затым і стаць святаром.
Усё гэта выклікала негатыўную рэакцыю з боку яго сваякоў, якія не жадалі яго бачыць дома, а бацька нават казаў, што яго сыну наканавана пекла. Тым не менш, Томас Люк Мсуса вырашыў цэлебраваць у роднай парафіі Імшу. “Людзі смяяліся і цікавіліся, колькі людзей прыйдзе, але ж было поўна людзей. Прыйшлі мае сваякі і бацька. І ён сказаў мне: “Ведаеш, я не хацеў дазволіць табе далучыцца да Касцёла, але ж цяпер я веру, што можам дасягнуць нябёсаў праз цябе”. Мой бацька, які быў настаўнікам ісламу — імамам, сказаў гэта”, — адзначыў біскуп.
Калі Томас Люк Мсуса стаў біскупам, яго бацька падыйшоў да яго, стаў на калені і сказаў, што прагне хросту. “Я сказаў яму: калі ты хочаш стаць каталіком, ты мусіш праходзіць хрысціянскае навучанне тры гады. Ён пагадзіўся, і ў 2006 годзе я яго ахрысціў”, — дадаў арцыбіскуп.
Увогуле, паводле яго, у Малаві шмат мусульманаў прымаюць каталіцтва. Так, у дыяцэзіі Зомба, дзе ён служыў 10 гадоў, кожную Велікодную вігілію хрост прымалі ад 100 да 150 чалавек, а ў Блантайры зараз стабільна рыхтуюцца да прыняцця каталіцтва 20-50 мусульманаў.
“Я запытаў іх, як яны навяртаюцца. Яны адказалі, што праз Радыё Марыя, якое вельмі магутнае ў краіне … Пакуль Радыё не было, яны чулі толькі прапаганду супраць Каталіцкага Касцёлу. Але цяпер яны слухаюць праўду пра Каталіцкі Касцёл. І таму яны навяртаюцца ў каталіцтва”, — дадаў арцыбіскуп.
krynica.info [3]