[1]30 лістапада лепельскія католікі запалілі першую адвэнтовую свечку. Навошта? Адвэнт – гэта чароўны час радаснага чакання нараджэння Езуса. Адвэнтовая свечка – гэта як бліскавіца ў цемры, якая паказвае, што мы цябе чакаем наш велічны Пан. Мы вось тут, асветленыя тонкім зіхаценнем маленькага агеньчыка, прыйдзі да нас на адвэнтовае святло.
Першая нядзеля Адвэнту ў лепельскім касцёле Святога Казіміра пачалася з запалення і асвячэння першай з чатырох адвэнтовых свечак. Ксёндз Уладзімір зачытаў пастырскае пасланне Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Юзафа Станеўскага на Адвэнт 2025 года.
«Адвэнт абвяшчае, што Бог блізка, вельмі блізка. Таму найперш трэба імкнуцца духоўна падрыхтавацца да перажывання гэтай незвычайнай падзеі — Уцелаўлення Сына Божага. Гэты кароткі перыяд таксама прызначаны для таго, каб падрыхтаваць нас, асабліва ў першай яго частцы, да другога прыйсця Хрыста» – так сказана ў лісце.
Адвэнт – гэта ў першую чаргу пост. Таму падчас Адвэнту патрэбна прытрымлівацца пэўных абмежаванняў. Даўней гэты час да свята Нараджэння Божага называўся пастом «вушэй, вачэй і роту». Гэта значыць, што забараняецца наведваць розныя забаўляльныя мерапрыемствы, спажываць спіртавыя напоі. Таму дзіўна бачыць лепельскіх католікаў на навагодніх агеньчыках, якія адбываюцца акурат перад Божым Нараджэннем.
Адвэнт – гэта не час паўсюдных абмежаванняў, але наадварот іх зняцця. Больш радасці і ўсмешак на працы ды на вуліцы, больш прызнання ў любові кожны дзень да родных і блізкіх, больш добрых учынкаў і прабачэння паўсюдна да ўсіх. Нам часам цяжка і нават бывае сорамна так рабіць. Вось тут Адвэнт і навучае нас як жыць кожны дзень і кожную хвіліну.
Тры маленькія дачушкі аўтара гэтых радкоў, якіх завуць Радаслава, Святаслава і Вяліслава, спыталі першай адвэнтовай раніцай: «Тата, а што такое Адвэнт?» «Гэта час заўсёднай Радасці, імкнення да Святасці і аб’яднання з Вялікай Славай Пана нашага Езуса Хрыста». Яны, звязаўшы гэта са сваімі імёнамі, вядома ж запомняць. А мы?
Алег Шушкевіч, тэкст і фота





