Яны былі забітыя савецкімі канваірамі восемдзесят гадоў таму, 26 чэрвеня 1941 года, у вёсцы Мікалаева (зараз Шумілінскі раён).
У пачатку вайны тагачаснае савецкае кіраўніцтва прыняло рашэнне эвакуяваць вязняў следчай турмы ў Беразвеччы, што каля Глыбокага, на ўсход. Пачалася вайна і дзяржаве была патрэбная рабочая сіла.
Перавесці іх па чыгунцы было ў той час немагчыма, таму вырашылі да Віцебска ісці пешшу. Усяго з Глыбокага раніцай 24 чэрвеня вывелі больш за 2 тысячы чалавек. Калона расцягнулася прыкладна на паўтара кіламетра. Канваіры адганялі мясцовых жыхароў, якія хацелі перадаць вязням ежу і ваду.
Ішлі другараднымі дарогамі, бо асноўныя былі занятыя адступаючым войскам. Тых, хто не мог ісці і падаў, забівалі кулямі або штыкамі. Усяго па шляху калоны, па звестках гісторыкаў, было забіта ад 300 да 500 чалавек. Гэта да 5 чалавек на кожны кіламетр шляху!
У абед 26 чэрвеня калона вязняў прайшла Улу і ступіла на мост праз Дзвіну. Некалькі чалавек кінуліся з маста ў раку, але іх нагналі кулі канваіраў. Калі вязні перайшлі мост, нямецкія самалёты разбамбілі недабудаваны савецкі аэрадром каля Улы. І адзін з самалётаў праляцеў вельмі нізка над калонай. Канваіры загадалі людзям легчы, а потым расстралялі іх з кулямётаў і аўтаматаў. Усяго было забіта каля 1800 чалавек. У жывых засталося каля сотні вязняў, большасць з якіх канвой злавіў і этапаваў далей на ўсход.
Ахвяры гэтага злачынства і знайшлі свой спачын на ўскрайку Мікалаева. Доўгі час іх магіла стаяла занядбаная, але ў 90-х гадах тут было зраблена добраўпарадкаванне і пастаўлены сціплы мемарыял. Ад той пары кожны год тут адбываюцца богаслужэнні ў памяць аб бязвінна загінуўшых.
Трэба адзначыць, што нават па савецкіх законах гэтыя людзі не былі вінаватыя, яны не былі нават асуджаныя. Шмат каго з іх арыштавалі 19 — 23 чэрвеня, некаторых нават пасля пачатку вайны. У верасні нават савецкая дзяржава асудзіла канваіраў за гэта злачынства, і частка з іх, праўда, далёка не ўсе, панеслі пакаранне.
У гэтым годзе таксама планавалася адслужыць тут святую Імшу а 11-й гадзіне 26 чэрвеня. Але за дзень да гэтага, а 17-й гадзіне над Улай і Мікалаевам прайшла вялікая бура, якая прынесла шмат шкоды людзям: пашкодзіла дахі, платы, цяпліцы, паваліла дрэвы. Заваленым дрэвамі аказаўся і мемарыял у Мікалаеве.
— Такой буры тут не памятаюць увогуле за ўсю гісторыю людзі. Бура нарабіла бяды вялікай не толькі ў Уле, але і ў ваколіцах. На гэтай магіле вельмі шмат паваленых дрэў. Яны ляжаць як на мемарыяле, так і ля крыжа. Каля 15 паваленых дрэў, трэба будзе наводзіць парадкі, гэта не адзін дзень працы, — адзначыў пробашч ксёндз Аляксандр Півавар.
Таму святую Імшу перанеслі ў касцёл у Уле, які, дарэчы, таксама пацярпеў ад стыхіі — у яго пашкоджаны дах. Святую Імшу цэлебраваў біскуп Алег Буткевіч, які ў свой час служыў тут пробашчам. Вернікаў было няшмат, бо людзі займаліся ліквідацыяй наступстваў стыхіі.
У сваім слове да вернікаў ардынарый адзначыў, што мы павінны памятаць аб гэтых ахвярах і зрабіць усё магчымае, каб такіх трагедый больш не паўтаралася:
— Гэта важны момант, каб памятаць пра тыя падзеі, згадваць з пункту гледжання хрысціянскай веры, каб разумець прычыны, якія да такіх трагедый прыводзяць. І каб такіх момантаў у гісторыі не здаралася. Павінна быць асэнсаванне іх і пакаянне.
Прыкра, што і ў Мікалаеве, і ў Уле дзяжурылі міліцыянты, якія баяліся, што сюды будзе прынесеная недазволеная сімволіка. Атрымоўваецца, што восем дзясяткаў гадоў таму тут забілі нявінных людзей, і праз колькі часу мы не можам годна ўшанаваць іх памяць.
Зміцер Лупач, тэкст;
Леанід Юрык, фота
