- Каталіцкі Веснік - https://catholicnews.by -

У касцёле святога Казіміра ў Лепелі развіталіся з абразом св. Губерта

[1]26 кастрычніка ў лепельскай парафіі святога Казіміра развіталіся з абразом святога Губерта. У гэтым абразе ён ахінаў сваёй светлай постаццю лепельскую парафію каля года, але надышоў час развітацца. Першародны лепельскі драўляны абраз святога Губерта вярнуўся ў сваю родную каталіцкую святыню.

Святая Імша 26 кастрычніка 2025 года распачалася са спеваў каталіцкіх скаўтаў з Полаччыны. Наогул уся Святая Імша прайшла пад скаўцкія чароўныя мелодыі гітары і мілагучныя галасы. Дарэчы, прыехалі яны за дзень да гэтага з Полацкай зямлі і напярэдадні на Святой Імшы з пробашчам парафіі маліліся за ўсіх скаўтаў Беларусі і аб супакоі на зямлі.

Апасля Святой Імшы адбылася сардэчная сустрэча яшчэ з аднымі гасцямі лепельскага касцёла. Арганізатаркі руху «Маці ў малітве» Віцебскай дыяцэзіі заахвочвалі лепельскіх вернікаў далучыцца да малітвы за сваіх дзяцей і аб’яднацца пад агульным дэвізам руху «З’яднаўшыся ў малітве, мы выратуем нашых дзяцей». Вядома ж такі заклік не мог застацца непачутым, і каардынацыю руху на Лепельшчыне на сябе ўзяла парафіянка Алеся Азаранка.

Цудоўна яшчэ і тое, што ў лепельскі касцёл прыходзіць усё больш і больш вернікаў. І гэта відавочна. Святло веры, цеплыню сэрцаў, любоў і супакой мілагучныя спевы і ў шчыря словы агульнай малітвы – вось што адчуваюць наведвальнікі каталіцкай святыні, калі ўпершыню прыходзяць у касцёл святога Казіміра.

Алег Шушкевіч