- Каталіцкі Веснік - https://catholicnews.by -

У Касцёле абвешчаны Год св. Юзафа і ўстаноўлены адпусты

[1]8 снежня 2020 г. быў апублікаваны Апостальскі ліст Папы Patris corde – Бацькоўскім сэрцам, прысвечаны 150-годдзю прызнання св. Юзафа апекуном Каталіцкага Касцёла.

Ушаноўваючы рашэнне бл. Пія IX, агучане ў дэкрэце Quemadmodum Deus з 1870 г., Папа Францішак абвясціў у Касцёле адмысловы Год св. Юзафа. Ён будзе працягвацца з 8 снежня 2020 года па 8 снежня 2021 года, а Апостальская Пэнітэнцыярыя абнародавала дэкрэт аб адпустах, прымеркаваных да Года св. Юзафа.

Пандэмія COVID-19 прымусіла нас зразумець важнасць звычайных людзей, тых, хто далёка не ў цэнтры ўвагі, кожны дзень праяўляе цярпенне і ўсяляе надзею, сеючы сумесную адказнасць, — напісаў у сваім Лісце Папа Францішак. Яны бяруць прыклад з св. Юзафа, “чалавека, які застаецца незаўважаным, чалавека штодзённай прысутнасці, стрыманай і схаванай”, “беспрэцэдэнтнага героя ў гісторыі збаўлення”.

Мэта новага Апостальскага ліста, прызнаўся Пантыфік, “выклікаць большую любоў да гэтага вялікага святога, заахвоціць да прашэння аб яго заступніцтве і пераймання яго цнотаў і прыхільнасці”.

У дакуменце Апостальскай Пэнітэнцыярыі прыгадваецца, што для атрымання поўнага адпусту трэба не мець прывязанасці да якога-кольвечы граху, выканаць звычайныя ўмовы (сакрамэнтальная споведзь, эўхарыстычная Камунія і малітва ў інтэнцыях Святога Айца), а таксама прыняць удзел у падзеях Года св. Юзафа, згодна з устаноўленым Апостальскай Пэнітэнцыярыяй чынам.

Апостальская Пэнітэнцыярыя заклікае святароў, надзеленых адпаведнымі паўнамоцтвамі, з гатоўнасцю і велікадушнасцю прысвяціць сябе сакрамэнту споведзі і ўдзяленню св. Камуніі хворым.

Па матэрыялах Беларускай рэдакцыі [2] Vatican News