[1]Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў Калумбіі заснавала Школу лічбавых місіянераў, каб забяспечыць якасную фармацыю для евангелізацыі ў інтэрнэце і стварыць адзіную сетку прапаведнікаў.
Ініцыятыва, падрыхтаваная Камісіяй па камунікацыях і тэхналогіях сумесна з Душпастырствам лічбавых тэхналогій эпіскапату, выклікала небывалую цікавасць. Паводле звестак, якія прадстаўнікі калумбійскага душпастырства перадалі парталу «ACI Prensa», на першую анлайн-сустрэчу 2 мая 2026 года падключылася амаль 500 чалавек, а агульная колькасць запісаў на прагляд інаўгурацыі перавысіла 1400.
Праграма навучання разлічана на сем штомесячных сесій і працягнецца да кастрычніка 2026 года. Завершыцца курс агульнанацыянальнай сустрэчай у архідыяцэзіі Калі, дзе адбудзецца афіцыйнае пасланне місіянераў на служэнне ў віртуальнай прасторы.
Знакавай падзеяй стала прысутнасць прадстаўнікоў Святога Пасада. Сакратар Дыкастэрыі па камунікацыі ксёндз Лучыа Адрыян Руіс падкрэсліў, што лічбавая місія – гэта не пытанне стратэгій, а рэальная прысутнасць Касцёла, якая паказвае людзям, што яны не адзінокія.
Святар перасцярог евангелізатараў ад залішняга захаплення статыстыкай. На яго думку, хрысціянская місія ў інтэрнэце вымяраецца не колькасцю падпісчыкаў, а здольнасцю весці чалавека да рэальных перамен у жыцці праз сустрэчу з Богам.
кс. Аляксандр Амяльчэня, беларуская рэдакцыя Vatican News [2]