- Каталіцкі Веснік - https://catholicnews.by -

У Ізраілі адрадзілі пальмы, якія раслі ў часы Езуса

[1]Як доўга можна захоўваць насенне? Большасць насення захоўваюць сваю здольнасць да прарастання ўсяго некалькі гадоў. Аднак ізраільскім біёлагам удалося вярнуць да жыцця від фінікавай пальмы, якая расла ў часы Езуса, праз амаль 2000 гадоў!

Іўдзейскі фінік (Phoenix dactylifera) — вельмі спецыфічны від. Гэтыя пальмы былі шырока вядомыя і высока шанаваліся ў старажытнасці. Яны былі адным з важных кампанентаў ізраільскай эканомікі. Пальмы высока шанаваліся, у прыватнасці, дзякуючы сваім пажыўным і лячэбным якасцям. Кожны год у якасці асаблівага падарунка іх атрымліваў імператар у Рыме. Яны былі прызнаныя эфектыўным сродкам у барацьбе з дэпрэсіяй. Акрамя вінаграда і інжыра, сама фінікавая пальма была важным сімвалам зямлі Ізраіля. На жаль, гэтыя дрэвы загінулі амаль 2000 гадоў таму.

Галоўнай прычынай было эканамічнае спусташэнне Юдэі з-за падаўлення яўрэйскіх паўстанняў супраць рымлян, якія скончыліся неверагоднай паразай яўрэяў.

Аднак больш за 55 гадоў таму падчас археалагічных раскопак, праведзеных на тэрыторыі былой крэпасці Масада, была выяўленая незвычайная знаходка. Многія будынкі на тэрыторыі крэпасці згарэлі ў выніку пажару, учыненага рымлянамі, але ацалеў адзін са складоў харчавання, а разам з ім – і насенне фінікаў.

Важна адзначыць, што раён, на якім знаходзіцца крэпасць Масада, мае выключна пустынны характар – сухі і спрыяльны для захоўвання прадуктаў харчавання.

[2]

Амаль сорак гадоў знойдзенае насенне знаходзілася ў сховішчы музея. У рэшце рэшт, каля пятнаццаці гадоў таму навукоўцы з ізраільскага медыцынскага цэнтра Хадасса пад кіраўніцтвам доктара Сары Саллон вырашылі правесці эксперымент: ці ўдасца вярнуць насенне да жыцця? Надзеі былі невялікія, бо дзве тысячы гадоў — гэта вельмі доўгі тэрмін, нават пры такіх спрыяльных кліматычных умовах.

Пра тое, каб частку захаванага насення аддаць для даследаванняў, музейшчыкі нават не хацелі слухаць. Аднак доктару Салону ўсё ж удалося пераканаць кіраўніцтва музея і яна атрымала тое, што ёй было неабходна для эксперыменту. Атрыманае насенне яна перадала доктару Элейн Салавей, вопытнаму навуковаму супрацоўніку сельскагаспадарчага цэнтра Арава, як чалавеку, які мае найвышэйшую кваліфікацыю для вырошчвання раслін з асаблівымі патрабаваннямі. Доктар Салавей забяспечыла насенню аптымальную гідратацыю і тэмпературу, пастаянна назіраючы за тым, што з імі адбываецца. Нечакана праз некалькі тыдняў адно з насення дало расток — а потым і астатнія.

Аднак узнікла праблема: фінікавая пальма дае альбо мужчынскія, альбо жаночыя кветкі – ніколі і тое, і іншае на адным дрэве. Між тым усе атрыманыя насенне былі мужчынскімі. На шчасце, з музея ўдалося атрымаць яшчэ адно насенне. З трыццаці прарасло шэсць, і два з іх былі жаночымі. Калі гэтыя пальмы выраслі, іх удалося апыліць, гэта адкрыла шлях для атрымання большай колькасці пладоў, што дало шанец на паступовае аднаўленне юдэйскай пальмы як сельскагаспадарчага віду.

Канешне, да фінікавых плантацый дарога яшчэ далёкая, але сам від фінікавай пальмы ўжо не лічыцца вымерлым і, хутчэй за ўсё, у бліжэйшыя дзясятак гадоў можа зноў стаць традыцыйнай сельскагаспадарчай раслінай.

opoka.org.pl [3]
пераклад Марыны Ткач