- Каталіцкі Веснік - https://catholicnews.by -

У Італіі ў касцёле нельга цэлебраваць Імшу з вернікамі, але хто сказаў, што на даху нельга?

[1]Для жыхароў італьянскага горада Неапаль, якія не могуць удзельнічаць у Імшы ў касцёлах з-за эпідэміі каранавіруса, кс. Франчэска Гравіна (Francesco Gravino), парафіяльны святар адной з мясцовых парафій, прыдумаў нетыповае рашэнне гэтай праблемы.

Святар падрыхтаваў усё неабходнае для правядзення св. Імшы, прынёс усё на дах касцёла, узяў мікрафон і дынамікі і адслужыў Літургію, якую пачулі вернікі са сваёй парафіі з балконаў сваіх дамоў.

«Мае парафіяне адказалі з захапленнем. Гэта быў просты спосаб людзям убачыць, што Касцёл побач. Я павінен сказаць праўду, што ўсё нарадзілася выпадкова», — тлумачыць кс. Франчэска.

Усё пачалося ў сераду 18 сакавіка, калі Папа Францішак запрасіў хрысціян маліцца на ружанцы ва ўрачыстасць св. Юзафа. Кс. Гравіна вырашыў усталяваць калонкі на даху касцёла, каб усе маглі слухаць трансляцыю з TV2000. Шмат людзей выйшлі на свае балконы і вельмі пазітыўна адрэагавалі. Святар здзівіўся адказу вернікаў. Ён таксама запрасіў іх да малітвы «Анёл Панскі». Тады прыйшла ідэя адправіць Крыжовы шлях. А потым святая Імша ў нядзелю. Вернікі знаходзяцца на балконах, таму захоўваецца бяспечная адлегласць. Для тых, хто не мог прысутнічаць на Імшы на балконе, кс. Франчэска падзяліўся трансляцыяй у Facebook з дапамогай мабільнага тэлефона.

[2]

Здымкі з Крыжом, які дамінуе сярод будынкаў Неапаля, распаўсюдзіліся па ўсім свеце.

— Крыж, які дамінуе на дахах, — гэта сімвал, які дазваляе лёгка зразумець, што Езус ніколі не пакідае нас саміх. Нават у гэтай сітуацыі ён суправаджае нас, і зараз людзям трэба нешта, што дае сілы і надзею, — кажа а. Гравіна. — Мы хацелі, каб людзі адчувалі, што мы побач. Заўсёды молімся за лекараў і валанцёраў, якія забяспечваюць працу сталовых для бяздомных. І потым таксама молімся за тых, хто страціў працу і непакоіцца, бо не ведае, як задаволіць патрэбы сваёй сям’і.

Кс. Франчэска падкрэслівае, што асабліва ў такія часы патрэбна вера. Таму што кожны, хто верыць, ведае, што гісторыя, нягледзячы на ​​ўсе яе цяжкасці, знаходзіцца ў руках Бога. Толькі Ён можа пераўтварыць зло ў нешта станоўчае. — Мне здаецца, што людзі зноў адкрываюць для сябе каштоўнасці, якія забыліся ў віры сваіх штодзённых абавязкаў, — адзначае святар.

[3]

А ў наступную нядзелю? — У спрыяльнае надвор’е мы вернемся на дах святыні, — кажа кс. Франчэска, але ён таксама не выганяе каго-небудзь на холад. Калі добрае надвор’е, Імша будзе на даху, бо людзі вельмі гэтага патрабуюць.

Паводле gosc.pl, [9]фота napolipress/REX / East News [10]
Пераклад Марыны Сінкевіч