[1]У катэдральным касцёле св. Францішка Ксаверыя ў Гродне 5 студзеня, у дзень пахавання Бэнэдыкта XVI, адбылася Імша за супакой яго душы. Цэлебрацыю ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.
Іерарх разам са шматлікімі прысутнымі – духавенствам і вернікамі – узносіў малітву аб вечным жыцці для спачылага Папы эмерыта, які кіраваў Паўсюдным Касцёлам з 2005 па 2013 год.
На пачатку Эўхарыстыі біскуп падкрэсліў, што Бэнэдыкт XVI быў чалавекам вялікай пакоры і прастаты, які пакінуў пасля сябе багатую навуковую спадчыну. Пастыр Касцёла на Гродзеншчыне выказаў надзею, што гэтая тэалагічная спадчына дапаможа сучаснаму свету i чалавеку будаваць жыццё згодна з навукай Езуса Хрыста, згодна з Евангеллем.
У гаміліі генеральны вікарый дыяцэзіі кс. канонік Аляксандр Мацкевіч узгадаў жыццярыс Папы эмерыта, які адышоў у вечнасць ва ўзросце 95 гадоў 31 снежня ў кляштары “Mater ecclesiae” у Ватыкане.
На заканчэнне Імшы біскуп Гродзенскі падзякаваў усім за дар супольнай малітвы ў інтэнцыі памерлага. “Папа Бэнэдыкт прыняў запрашэнне і вырушыў у дарогу, каб сустрэць і распазнаць Божае Дзіця”, – сказаў іерарх.
Прысутныя праспявалі малітву “Анёл Панскі”, просячы добрага Бога аб ласцы неба для Бэнэдыкта XVI.