[1]18 студзеня ў гродзенскай парафіі Найсвяцейшага Адкупіцеля прайшла аплаткавая сустрэча для працаўнікоў чыгункі. У сустрэчы ўзяў удзел біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй.
Сустрэча пачалася святой Імшой, якую цэлебраваў біскуп. У гаміліі ён засяродзіў увагу на трох дзеяннях, якія “ляжаць у аснове ўсяго хрысціянскага жыцця”: распазнаць Езуса, пайсці за Ім і даваць пра Яго сведчанне.
Па словах біскупа, Бога можна не распазнаць таму, што “Ён не такі, як мы ўяўлялі”. “Чалавек вельмі часта стварае ў сваім сэрцы нейкі вобраз Бога – зручны, прадказальны, бяспечны, такі, які не занадта патрабуе і не занадта турбуе сумленне, – і потым здзіўляецца, чаму сапраўдны Бог не змяшчаецца ў гэты вобраз. Ян Хрысціцель сам шчыра прызнаецца:
“Я не ведаў Яго”, і толькі знак, дадзены Богам, толькі дзеянне Духа Святога дазволіла яму зразумець, хто сапраўды стаіць перад ім. І мы часта думаем, што ведаем Езуса, але на самой справе ведаем толькі нейкі Яго вобраз, нейкае ўяўленне, нейкі набор звычак, традыцый, рэлігійных форм, – патлумачыў іерарх. – Можна быць хрысціянінам шмат гадоў, рэгулярна прыходзіць у касцёл, ведаць малітвы, нават чытаць Святое Пісанне – і пры гэтым так і не распазнаць Езуса па-сапраўднаму. Бо распазнаць Езуса – гэта не значыць проста ведаць пра Яго, гэта значыць сустрэць Яго як жывую Асобу, як Таго, хто ўваходзіць у маё жыццё, хто ведае маё імя, хто бачыць маё сэрца, хто ведае мае страхі, мае грахі, надзеі і раны”.
“Сёння чалавеку становіцца ўсё цяжэй распазнаць Божую прысутнасць у сваім жыцці не таму, што Бог стаў далёкім або маўклівым, а таму, што свет стаў занадта гучным, занадта напоўненым інфармацыяй, трывогамі, спрэчкамі, страхамі і пастаянным унутраным напружаннем. Чалавек, які ўвесь час жыве ў шуме і мітусні, паступова губляе здольнасць слухаць. А той, хто не слухае, рана ці позна перастае і бачыць. Менавіта таму Ян Хрысціцель – чалавек пустыні, чалавек цішыні і малітвы – здольны распазнаць Таго, каго іншыя маглі б не заўважыць. І гэта становіцца для нас вельмі сур’ёзным пытаннем сумлення: ці ёсць у маім жыцці месца для цішыні, у якой Бог можа прамовіць, і ці ёсць у маім сэрцы прастора, у якой Яго голас можа быць пачуты?” – сказаў біскуп.
“Вера не даецца нам як прыватная ўласнасць. Мы пакліканыя быць святлом, якое не хаваецца, соллю, якая не губляе смаку, сведкамі, якія не маўчаць. Той, хто сапраўды сустрэў Хрыста, хто дазволіў Яму ўвайсці ў сваё жыццё, рана ці позна разумее, што гэтым дарам немагчыма не дзяліцца”, – адзначыў біскуп. Ён дадаў, што нельга “весці іншых да Хрыста, калі самі не ідзём за Ім”, і што таму “ўсё пачынаецца з першага кроку – з распазнання Езуса”.
Іерарх патлумачыў, што “выканаць Божую волю – значыць давяраць Богу нават тады, калі Яго шлях вядзе не туды, куды мы самі хацелі б ісці, і нават калі гэты шлях праходзіць праз нявызначанасць, цяжкасці і крыж”, і што “распазнаць Езуса – значыць распазнаць у Ім не толькі Суцяшальніка, але і Настаўніка крыжа, не толькі Таго, хто дае, але і Таго, хто патрабуе, не толькі Таго, хто абяцае неба, але і Таго, хто вядзе праз Галготу”.
Біскуп падкрэсліў, што “сапраўдная сустрэча з Хрыстом ніколі не пакідае чалавека на тым самым месцы, заўсёды становіцца пачаткам дарогі, на якой чалавек паступова вучыцца жыць не толькі для сябе, не толькі паводле ўласных планаў і ўласных разлікаў, а паводле логікі Евангелля”. “Езус не кажа: “Заставайцеся такімі, якія вы ёсць”. Ён кажа: “Ідзіце за Мною”. А гэта азначае гатоўнасць дазволіць Яму весці сябе, дазволіць Яму паступова змяняць маё сэрца”, – заўважыў іерарх.
Кажучы аб сведчанні пра Бога, ён адзначыў, што “свет сёння не так моцна слухае словы, як чытае жыццё, глядзіць, ці ёсць у нашай веры сіла прабачаць, заставацца вернымі, не здавацца, любіць нават тады, калі гэта цяжка”, і што “менавіта такое сведчанне – ціхае, вернае, штодзённае – становіцца самым пераканаўчым аргументам на карысць Евангелля”.
Па словах біскупа, выраз “пакліканыя да святасці”, як называе хрысціян апостал Павел, кажа, “што Касцёл – гэта не супольнасць дасканалых, а супольнасць тых, хто знаходзіцца ў дарозе, хто падае і ўстае, хто шукае і зноў знаходзіць, хто вучыцца давяраць Богу нават тады, калі не ўсё зразумела”. “Касцёл жыве не сілай сваіх структур і не прыгажосцю сваіх муроў, а жывой верай – вашай верай, верай тых, хто не саромеецца сведчыць, што Бог сапраўды дзейнічае ў іх жыцці”, – дадаў іерарх.
Пасля Імшы ўдзельнікі сустрэчы падзяліліся аплаткай, выказаўшы адзін аднаму віншаванні. Пастыр Касцёла на Гродзеншчыне падзякаваў чыгуначнікам за актыўнасць і за справу, якую яны робяць у свеце, і заклікаў іх працягваць служыць людзям праз сваю працу.


