[1]27 снежня ў касцёле Маці Божай Ружанцовай у Граўжышках панавала атмасфера малітоўнай цішыні. Дзень засяроджання сабраў катэхетаў з Астравецкага, Ашмянскага, і Смаргонскага дэканатаў, каб умацаваць адзінства паміж дэканатамі і стварыць прастору для абмену досведам.
Праграма дня засяроджання была насычанай як у духоўным, так і ў інтэлектуальным вымярэнні. Асаблівым момантам стала канферэнцыя, якую правёў кс. Аляксандр Сямінскі, пробашч парафіі Нараджэння Панны Марыі ў Кямелішках. Святар падкрэсліў важнасць гармоніі паміж патрабавальнасцю і пяшчотай у выхаванні, паказаўшы, што правільны баланс дапамагае фарміраваць асобу, здольную да адказнасці. Многія тэзісы, прапанаваныя святаром, сталі крыніцай натхнення для ўдзельнікаў, якія змаглі паглыбіць разуменне сваёй місіі і знайсці новыя арыенціры для працы з дзецьмі і моладдзю. Звярнуўся кс. Аляксандр і да прыкладу святых, што мелі свае дзейсныя метады выхавання.
Адным з ключавых момантаў сустрэчы стала адарацыя Найсвяцейшага Сакраманту. У цішыні ўдзельнікі маглі абстрагавацца ад штодзённай мітусні, адчуць прысутнасць Хрыста і адкрыць свае сэрцы для Яго любові, ахвярнай і чыстай.
Далей братэрства катэхетаў аб’ядналася ў супольнай малітве падчас святой Імшы. Літургію ўзначаліў кс. Віктар Захарэўскі, катэхетычны візітатар Аставецкага дэканата. Разам з ім канцэлебравалі святую Імшу кс. Яўген Ціхан, кс. Аляксандр Сямінскі, кс. Павел Раманоўскі. Падчас гаміліі кс. Павел Раманоўскі, дэкан Ашмянскага дэканата і пробашч мясцовай парафіі, падкрэсліў, што ў абвяшчэнні каталіцкай веры неабходна гаварыць не толькі пра яе прывабныя бакі, але і пра складаныя тэмы. Ён адзначыў, што важна прыгадваць аб існаванні пекла, а таксама аб патрабаваннях, якія ўтрымліваюць Божыя запаведзі, бо яны дапамагаюць вернікам усвядоміць поўную праўду Евангелля і адказнасць за сваё жыццё перад Богам. Літургія дала магчымасць падзякаваць за дар служэння, што аб’ядноўвае ў адной высакароднай справе.
Заключным момантам сустрэчы стала аплаткавае спатканне, якое прайшло ў атмасферы еднасці і радасці. Удзельнікі падзяліліся белым хлебам, выказалі адзін аднаму словы падзякі і пажаданні, сведчачы пра духоўнае братэрства і супольнасць, што аб’ядноўвае ўсіх у Хрысце. Затым адбыўся святочны абед.
Марта Багдановіч



