- Каталіцкі Веснік - https://catholicnews.by -

У гонар святой сястры Фаўстыны Кавальскай названы астэроід

[1]Міжнародны астранамічны саюз ушанаваў святую сястру Фаўстыну Кавальскую, назваўшы ў яе гонар астэроід у поясе паміж Марсам і Юпітэрам. Сярод лаўрэатаў таксама была святая Урсула Ледухоўская.

Рабочая група па наменклатуры малых нябесных цел Міжнароднага астранамічнага саюза (МАС) абвясціла ў сваім апошнім бюлетэні (студзень 2026 г.), што астэроід у поясе астэроідаў паміж Марсам і Юпітэрам цяпер афіцыйна называецца «(798737) Фаўстына». У мінулым годзе яе спаведнік, айцец езуіт Юзэф Андраш, таксама быў удастоены астэроіда.

Сярод ушанаваных была і святая Урсула Ледухоўская.

Акрамя святой Фаўстыны, яшчэ тры асобы былі ўшанаваны назвамі астэроідаў: польская законніца святая Урсула Ледухоўская (1865-1935), «(798772) Ледухоўская»), і езуіты: айцец Гарсія Алабіяна (1549-1624), «(763533) Алабіяна») і айцец Хрыстафоруса Баю Рысанта (нар. 1981) «(752403) Баюрысанта»).

Дзякуючы прыхільнасці айцоў езуітаў да касмічных даследаванняў, 50 членаў гэтага ордэна ўзначальваюць спіс духавенства, ушанаваных назвамі астэроідаў. Толькі ў 2025 годзе ў спіс было дададзена сем новых езуітаў. Большасць ушанаваных рэлігійных дзеячаў — мужчыны, у тым ліку некалькі Папаў.

Акрамя святых Фаўстыны і Урсулы, да спісу далучыліся яшчэ дзве жанчыны. У мінулым годзе былі ўшанаваны і некалькі сясцёр законных, якія ўнеслі свой уклад у аналіз нябесных карт на пачатку 20 стагоддзя.

Як называюцца астэроіды?

Прысваенне імёнаў астэроідаў — гэта шматэтапны працэс. Новае нябеснае цела ідэнтыфікуецца, калі назіральнік даследуе яго на працягу двух начэй запар. Затым аб назіраннях неабходна паведаміць у Цэнтр малых планет Міжнароднага астранамічнага саюза (Мас), які дае часовы ідэнтыфікацыйны нумар.

Потым папярэднія назіранні неідэнтыфікаванага нябеснага цела параўноўваюцца з новымі назіраннямі, і любыя дублікаты аб’ядноўваюцца. Пасля вызначэння дакладнай арбіты на аснове дадзеных астэроід атрымлівае фіксаваны нумар.

Права выбару назвы належыць даследчыку, які прадставіў дастаткова дадзеных для разліку арбіты, а не абавязкова першаадкрывальніку. Прапанаваная назва затым разглядаецца Камітэтам па найменні малых планет і ў рэшце рэшт афіцыйна публікуецца.

stacja7.pl [2]
Пераклад Марыны Ткач