- Каталіцкі Веснік - https://catholicnews.by -

У Дунілавічах адзначылі юбілей святыні (+відэа)

dunilaviczy01 [1]У былым мястэчку Дунілавічы, што ў Пастаўскім раёне, 29 верасня католікі адзначылі двайны юбілей: 515 гадоў утварэння каталіцкай парафіі ў Дунілавічах і 245 гадоў будаўніцтва касцёла.

Крыху гісторыі

Сучасны цагляны храм быў пабудаваны ў другой палове XVIII стагоддзя манахамі-дамініканцамі, сваю гісторыю ён адлічвае ад 1770 года. Апошнія мелі тут двухпавярховы мураваны кляштар, які да нашых дзён не захаваўся. Да пабудовы мураванага касцёла на гэтым месцы стаяў драўляны касцёл, пабудаваны ў XVII стагоддзі.

Пасля таго, як манахі падтрымалі антырасійскае паўстанне, царскі ўрад у 1866 годзе перадаў храм праваслаўнай царкве. Пры пераабсталяванні святыні пад царкву сіняй фарбай былі замаляваныя ўсе старыя фрэскі. У наш час некаторыя з іх былі знойдзеныя пад двума пластамі фарбы. У многім дзякуючы гэтай знаходцы ўдалося аднавіць першапачатковы роспіс храма.

Пасля перадачы святыні праваслаўнай царкве насупраць быў пастаўлены драўляны касцёл, які згарэў у 1890 годзе. Царскія ўлады забаранілі яго аднаўленне, таму новы драўляны храм парафіяне вымушаны былі збудаваць па-за мястэчкам. Да нашых дзён ён таксама не захаваўся.

У 1919 годзе, калі Дунілавічы патрапілі ў склад адноўленай польскай дзяржавы, храм быў перададзены католікам. У 1932 годзе дунілаўская парафія налічвала 7600 вернікаў. Касцёл дзейнічаў да 1946 года, пасля чаго быў зачынены савецкімі ўладамі. Святар быў рэпрэсаваны, а касцёл на некаторы час ператварыўся ў склад збожжа. Пасля будаўніцтва ў калгасе новага збожжасховішча храм наогул стаяў закінуты, у яго пацёк дах, і ён стаў паступова разбурацца.

Сітуацыя змянілася, калі ў 1989 годзе ён зноў быў перададзены каталіцкім вернікам. Пачаліся працы па яго аднаўленню. Зараз храм ужо адрамантаваны ўнутры, вядуцца працы па далейшаму добраўпарадкаванню тэрыторыі вакол святыні, каб дастойна сустрэць у 2020 годзе 250-гадовы юбілей касцёла, які зараз носіць тытул Святой Тройцы.

dunilaviczy03 [2]

Цудадзейны абраз

Варта адзначыць, што алтар у дунілаўскім касцёле двух’ярусны, што не так часта можна бачыць у касцёлах. На другім ярусе змешчаны абраз Маці Божай Ларэтанскай, які лічыцца цудадзейным. У парафіі ён з’явіўся ў 1667 годзе, калі яшчэ не было сучаснага касцёла.

Маці Божая Ларэтанская дапамагла шмат каму з вернікаў, аб чым сведчылі шматлікія воты, змешчаныя каля абраза. На жаль, калі камуністычныя ўлады зачынілі касцёл, гэтыя воты зніклі. Сам жа абраз вернікі ўратавалі. Ноччу ён быў выкрадзены праз акно храма і захоўваўся на гарышчы ў аднаго з вернікаў. Пасля вяртання касцёла абраз зноў быў перададзены ў храм, дзе зноў заняў сваё месца.

Ужо ў наш час абраз таксама дапамагае вернікам. Аб гэтым сведчаць чатыры новыя воты, якія змешчаны пад абразом.

dunilaviczy19 [3]Пра адзін цуд нам распавёў пробашч касцёла кс. Павел Самсонаў:

Гэта здарылася ў першы год маёй працы ў Дунілавічах. Прыходзіць да мяне жанчына і кажа, у мяне праблема, ксёндз, што мне рабіць, мае дзеці разводзяцца. Я ёй параіў памаліцца да нашай Маці Божай Ларэтанскай. Недзе праз год прыходзяць да мяне гэтыя старэйшыя людзі і прыносяць залаты шлюбны пярсцёнак і кажуць, што хочуць аддаць яго да Маці Божай. Яна ўратавала сям’ю нашых дзяцей, яны сталі добра жыць, праблемы зніклі.

dunilaviczy58 [4]Пад абразом захоўваюцца яшчэ тры воты, пра якія вернікі абяцалі распавесці пазней.

Зараз ідзе аднаўленне культу абраза Маці Божай Ларэтанскай, штогод усё больш вернікаў даведваюцца пра гэты абраз і прыязджаюць у Дунілавічы, каб злажыць свае просьбы да нябеснай заступніцы.

dunilaviczy28 [5]

Ушанаванне святога Міхала Арханёла

Фэст на святога Міхала Арханёла праводзіцца ў Дунілавічах з даўніх часоў. Гэты святы лічыцца патронам парафіі, бо касцёл першапачаткова быў асвечаны пад тытулам Міхала Арханёла. Па словах пробашча парафіі, нават у савецкія часы, калі касцёл быў зачынены, вернікі прыязджалі ў гэты дзень да касцёла, каб памаліцца каля яго сценаў.

Зараз жа фэсты ў Дунілавічах на свята Міхала Арханёла сталі традыцыйнымі. У мінулым годзе свята наведаў біскуп Віцебскай дыяцэзіі Алег Буткевіч, у гэтым годзе ганаровым госцем фэсту стаў дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандр Яшэўскі SDB. Ён і ўзначаліў святую Імшу.

Трэба адзначыць, што на ўрачыстасць, нягледзячы на працоўны дзень, сабралася больш за тры сотні вернікаў як з Дунілаўскай парафіі, так і гасцей з Глыбокага, Канстанцінава, Паставаў, Варапаева, Лучая і іншых месцаў. Таксама прысутнічалі святары з навакольных парафій.

dunilaviczy27 [6]

У сваім слове да вернікаў біскуп Аляксандр паразважаў над вытокамі зла ў сучасным свеце і значэнні святога Міхала Арханёла для каталіцкага Касцёла ў Беларусі. У прыватнасці, ён сказаў:

Мы маем магчымасць падзякаваць Пану Богу за дар заступніцтва Арханёла ў небе не толькі для вашай парафіі, але і над усім каталіцкім Касцёлам у Беларусі.

Па словах іерарха, наш прыход у касцёл можна апісаць трыма словамі: слухаем, шукаем, сустракаем. Далей ён растлумачыў значэнне кожнага з гэтых словаў.

Закончылася богаслужэнне працэсіяй вакол касцёла і спевам гімна “Магутны Божа”. Дарэчы, заканчваць урачыстыя богаслужэнні гэтым гімнам стала ў Беларусі ўжо добрай традыцыяй.

Але на гэтым свята ў Дунілавічах не закончылася, парафіян і гасцей чакаў канцэрт і пачастунак на свежым паветры. Дарэчы, артысты на канцэрце былі свае, з Дунілаўскай парафіі. Як кажуць самі парафіяне, яны былі раней неактыўныя, але дзякуючы энергіі пробашча ксяндза Паўла навучыліся і ў хоры спяваць, і свае канцэрты праводзіць. Што лішні раз пацвярджае думку, што ўсюды ёсць таланты, трэба толькі таленавіты арганізатар.

dunilaviczy62 [7]

Напрыканцы біскуп Аляксандр пажадаў чытачам “Каталіцкага Весніка” не саромецца сваёй веры, часцей звяртацца да Бога ў сваіх малітвах, нават, калі гэтыя малітвы будуць не завучаныя, а казацца сваімі словамі.

Навучыцеся размаўляць з Панам Богам, як дзіця, — сказаў біскуп, — хоць парой гэта нейкае балбатанне, але яно заўсёды шчырае, зыходзіць ад самага сэрца. Такой павінна быць і наша малітва.

Ну а мы жадаем вернікам Дунілаўскай парафіі паспець дастойна падрыхтавацца да 2020 года, калі дунілаўскі храм адзначыць чвэрць тысячагоддзя свайго існавання.

Зміцер Лупач, тэкст і фота
Леанід Юрык, відэа