[1]22 верасня ў парафіі св. Тройцы ў Докшыцах прайшла сустрэча катэхетаў на тэму :«Катэхеты – пілігрымы надзеі».
Першым і галоўным пунктам праграмы была Эўхарыстыя, якую ўзначаліў біскуп Алег Буткевіч. Пад час гаміліі іерарх нагадаў пра вартасць паслугі катэхета розным узроставым катэгорыям, імкненне сучаснага Касцёла да сінадальнасці, а таксама нагадаў пра місію катэхета як “пошуку чалавека”.
Наступным пунктам праграмы была канферэнцыя «Катэхізацыя — сустрэча з Асобай, якая надае жыццю новую перспектыву», тэму якой раскрывала с. Кацярына Грынчык MSF, місіянерка Святой Сям’і, катэхэтка амаль 20 год, магістр ліц. тэалогіі. Падчас канферэнцыі с. Кацярына падзялілася вельмі цэннымі перажываннямі ўласнага досведу працы і катэхізацыі з дзецьмі і моладдзю.
Пасля невялікага перапынку а. Віктар Жук SJ і Алеся Вайцяховіч (парафія св. Уладзіслава ў Віцебску) пазнаёмілі прысутных з першым досведам працы з дзецьмі і іх бацькамі разам падчас падрыхтоўкі да Першай Споведзі і Камуніі. Падкрэслілі важнасць удзелу бацькоў у катэхізацыі дзяцей, падзяліліся плёнам такой працы.
“Біблійны хаўрус” стаў выдатнай магчымасцю праверыць веданне удзельнікамі спаткання Слова Божага. Цікавыя пытанні пакінулі шмат пазітыўных эмоцый у ўдзельнікаў сустрэчы.
Сустрэча скончылася малітвай — Вяночкам да Божай Міласэрнасці і біскупскім благаслаўленнем усіх прысутных на новы катэхетычны год.
Алёна Шаршунс, тэкст і фота