[1]16 лістапада – асаблівы дзень у жыцці касцёла на Гродзеншчыне. Па-першае, у гэты дзень вернікі святкавалі урачыстасць Маці Божай Міласэрнасці, а па-другое, у гэты дзень распачаўся першы дыяцэзіяльны Сінод. Для вернікаў Лаздунскай парафіі гэты дзень таксама асаблівы, таму што капліца у вёсцы Даўнары мае сваёй апякункай Маці Божую Вострабрамскую.
Каб ушанаваць сваю Нябесную Маці і папрасіць яе заступніцтва на кожны дзень, пробашч парафіі кс. Анджэй Бурак і ўсе вернікі сабраліся разам на святую Імшу. У гаміліі ксёндз-пробашч засяродзіў увагу вернікаў на постаці Маці Божай Міласэрнасці.
“Калі гаворым пра Маці Божую Міласэрнасці, то напэўна кожны адразу духоўна яднаецца са сталіцай Божай Міласэрнасці, з Вільняй. Бо менавіта там знаходзіцца арыгінальны абраз Маці Божай Вострабрамскай, а таксама там быў намаляваны абраз Езуса Міласэрнага. Гаварыць пра Маці Божую можна бясконца. І напэўна кожны з нас атрымаў шмат патрэбных Божых ласк праз яе заступніцтва”, — адзначыў святар.
Пра Маці Божую Міласэрнасці, як сказаў ксёндз Анджэй, успамінаецца яшчэ ў Старым Запавеце: “У кнізе Быцця, калі Бог выгнаў з раю першых людзей, якія зграшылі, гаворыцца, што прыйдзе на свет жанчына, якая знішчыць галаву шатану. А гэта ніхто іншы, як Маці Божая Міласэрнасці. Часта на абразках можна ўбачыць Божую Маці, якая стаіць на зямным шары, а пад нагамі ў яе знаходзіцца змяя”.
У гаміліі святар таксама выказаў наступную думку: “Чалавек 21 ст., нягледзячы на ўсе дасягненні тэхнічнага прагрэсу, з’яўляецца вельмі бездапаможным. Усе намаганні марныя, калі чалавек не спадзяецца на Бога і не просіць заступніцтва ў Маці Божай. Вельмі часта так здараецца, што чалавек патрэбны камусьці толькі тады, калі можа прынесці нейкую карысць, альбо калі займае пэўную пасаду. А калі ён застаецца без працы, без матэрыяльнага дастатку, то ўсе ад яго адварочваюцца, але толькі не Маці Божая”.
“Таму сёння просім Маці Божую Міласэрнасці, каб Яна пахілілася над кожным з нас і атуліла сваім плашчом матчынай апекі” – заклікаў сваіх вернікаў ксёндз-пробашч.
Пасля ўрачыстай святой Імшы быў асвечаны крыж, усталяванне якога было прымеркавана да такой знакавай падзеі, як адкрыццё першага Сіноду ў Гродзенскай дыяцэзіі. Вернікі Лаздунскай парафіі разам з ксяндзом Анджэем памаліліся ля крыжа ў інтэнцыі Сіноду і яго плённай працы.
Ксёндз Анджэй Бурак, тэкст
Рэгіна Варанюк, фота