- Каталіцкі Веснік - https://catholicnews.by -

У Бубалях хутка з’явіцца новая капліца (+відэа)

[1]Бубалі адносяцца да Мікалаеўскай парафіі, што ў Шумілінскім раёне.

Капліца знаходзіцца на вясковых могілках. З другога боку гэтых могілак стаіць старая капліца, якая ўжо стала гніць. У ёй маленькія вокны, яна цесная, і, па словах ксяндза Аляксандра Півавара, у ёй вельмі цёмна.

Таму нядаўна каталіцкая супольнасць вырашыла пабудаваць тут новую капліцу. Сцены і дах у ёй парафіяне ўжо зрабілі. За нейкі месяц плануецца скончыць усе працы. Пробашчу актыўна дапамагае жыхарка вёскі Мікалаева Фаіна Бізунова. Яна не толькі дапамагае на будоўлі, але і актыўна збірала грашовыя ахвяраванні на гэту капліцу на фэсце ў Мікалаеве, які прайшоў на ўрачыстасць Спаслання Духа Святога 20 мая.

[2]

Вёска Бубалі вымірае, зараз тут засталася толькі жменька жыхароў. Але, як кажа ксёндз Аляксандр, на ўрачыстасць Усіх Святых тут збіраецца шмат вернікаў, таму новая капліца будзе служыць людзям.

[3]

[4]Ад імя парафіян пробашч выказаў падзяку мясцовым уладам, які далі дазвол на яе ўзвядзенне. Таму сёлетняя Імша на Усе Святыя ў Бубалях пройдзе ўжо ў новай капліцы.

Зміцер Лупач, тэкст і фота
Леанід Юрык, фота і відэа