[1]У невялікім мястэчку Крус-Альта на поўдні Бразіліі ў цяперашні час будуецца 102-метровы крыж, другі па вышыні ў свеце. Як паведамляе штодзённая газета «Folha de S. Paulo», праект, кошт якога ацэньваецца прыкладна ў пяць мільёнаў еўра, будзе фінансавацца за кошт грошай падаткаплацельшчыкаў. Горад з насельніцтвам усяго 60 тысяч чалавек, размешчаны на самым поўдні краіны, хоча такім чынам прыцягнуць турыстаў і паломнікаў.
Велізарны крыж з’яўляецца часткай больш маштабнага праекта, будаўніцтва якога пачалося ў пачатку верасня. На тэрыторыі вакол крыжа таксама павінны быць пабудаваны: хрысціянскі тэматычны парк, канатная дарога і фруктовы сад, тыповы для біблейскіх часоў.
Ініцыятыву ўзначальвае дэпутат ад правых кансерватараў Крус-Альта. Ён выдзяляе на праект федэральныя сродкі, якімі можа свабодна распараджацца ў межах сваёй выбарчай акругі. Гэта так званыя «emendas parlamentares» (папраўкі да бюджэту, прадстаўленыя членамі парламента), якія выклікаюць спрэчкі, бо палітыкі не абавязаны даваць справаздачу аб выдаткаванні гэтых сродкаў, што часта прыводзіць да карупцыі.
Пасля завяршэння будаўніцтва новы велізарны крыж будзе саступаць па вышыні толькі 152-метроваму крыжу, размешчанаму ў даліне Куэльгамурас (Іспанія), дзе ён з’яўляецца часткай мемарыяльнага месца, прысвечанага ахвярам грамадзянскай вайны ў Іспаніі (1936-1939).
stacja7.pl [2]
Пераклад Марыны Ткач