- Каталіцкі Веснік - https://catholicnews.by -

У Браславе разам з Апостальскім нунцыем адзначылі 100-годдзе Кангрэгацыі Сясцёр Служабніц Езуса ў Эўхарыстыі

[1]Крыху гісторыі

100 гадоў таму, у 1923 годзе, бласлаўлёны Юры Матулевіч, будучы арцыбіскупам Віленскай дыяцэзіі, заснаваў Кангрэгацыю Сясцёр Служабніц Езуса ў Эўхарыстыі, прызначаную пераважна для патрэб дыяцэзіі, з мэтай распаўсюджвання рэлігійнай адукацыі і развіцця сакрамантальнага жыцця мясцовага насельніцтва. Таксама сёстры павінны былі весці місіянерскую працу сярод шматлікіх праваслаўных хрысціян раёна.

Суполка пачала стварацца ў мястэчку Друя на тэрыторыі цяперашняй Беларусі. Спачатку сёстры працавалі ў гімназіі, трымалі жаночую кравецкую школу, школу-інтэрнат, ткацкую і трыкатажную майстэрню, дзіцячы дом, катэхізавалі і служылі ў парафіі; крыху пазней яны трымалі таксама дзіцячы дом і дзіцячы сад. У камуністычны перыяд, калі статутная апостальская дзейнасць была моцна абмежавана свецкімі ўладамі, кангрэгацыя пераняла мадэль схаванага служэння душпастырскай працы святароў у парафіях.

[2]

“Усё для Хрыста і праз Хрыста”

29 красавіка 2023 года па запрашэнні сясцёр эўхарыстак Апостальскі Нунцый у Рэспубліцы Беларусь арцыбіскуп Антэ Ёзіч разам са старшынёй Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі біскупам Віцебскім Алегам Буткевічам, мітрапалітам Мінска-Магілёўскім арцыбіскупам Юзафам Станеўскім, дапаможным біскупам Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрыем Касабуцкім, біскупам Гродзенскім Аляксандрам Кашкевічам, Апостальскім адміністратарам для вернікаў візантыйскага абраду ў Беларусі архімандрытам Сяргеем Гаекам і шматлікімі святарамі прынялі ўдзел ва ўрачыстым святкаванні 100-гадовага юбілею заснавання манаскай супольнасці.

Урачыстасць праходзіла ў дыяцэзіяльным Санктуарыі Маці Божай Валадаркі азёраў у Браславе.

[3]

Сёстры сабраліся з усіх куточкаў нашай Бацькаўшчыны, дзе нясуць паслугу, — гэта Барысаў, Астравец, Слабодка, Полацк і Браслаў. Разам з імі на супольнае святкаванне прыехалі і святары з парафіянамі, з якімі працуюць разам.

Як гаспадар дыяцэзіі, біскуп Алег разам з сёстрамі перад святыняй прывіталі Апостальскага нунцыя. “Для нас гэта вялікі гонар і радасць гасціць на Браслаўскай зямлі прадстаўніка Апостальскай Сталіцы. Ваша прысутнасць сёння – гэта прызнанне і шанаванне ахвярнай паслугі сясцёр эўхарыстак, якую здзяйснялі яны за 100 год свайго існавання на гэтай зямлі. Гэта быў няпросты час, час пераследу, ваюючага атэізму, які нарабіў шмат прыкладаў адданай і гераічнай працы і служэння сясцёр Хрыстоваму Касцёлу”.

[4]

Падчас гаміліі арцыбіскуп Антэ Ёзіч прыгадаў гісторыю манаскай супольнасці і вернасці “Дачок Езуса ў Эўхарыстыі”. “Дэвіз кангрэгацыі “Усё для Хрыста і праз Хрыста” натхняе ўсё вашае жыццё і вашу манаскую дзейнасць. Любоў да Хрыста, прысутнага ў Эўхарыстыі, і добры прыклад вашых сясцёр, малітва, праца і ахвярнасць паказваюць парафіянам вялікую пашану да Каталіцкага Касцёла і вабяць стаць сапраўднымі вернікамі”. Апостальскі нунцый шчыра падзякаваў Пану за вельмі каштоўны дар існавання гэтай кангрэгацыі.

[5]

Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі ў словах віншавання прыгадаў словы Папы Францішка, які параўноваў сясцёр законных да веснавога саду, дзе квітнеюць яблыні, дзе надзея і радасць для садоўніка, але таксама дзе ад спякотнага летняга сонца некаторыя кветкі гінуць і асыпаюцца. Але прыходзіць восень і тады прыходзіць радасць, бо можна наталіць свой голад добрым плодам. “Сёння вы з’яўляецеся гэтым веснавым садам, гэтым квіценнем Касцёла ў Беларусі, былі і ёсць, бо гэты працэс адбываецца кожны раз, калі Бог кліча вас па імені, каб пайшла за Ім, каб несла радасць, дзялілася верай і дарыла надзею”

У адрас сясцёр былі зачытаны словы віншаванняў з нагоды юбілею ад Апостальскай Сталіцы, мітрапаліта на пенсіі арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча, Маці генеральнай с. Малгажаты Ваврык SJE.

[6]

Няма падарунка, якім можна выказаць удзячнасць Касцёла за працу сясцёр, за іх гісторыю. Гэта вялікі прыклад для кожнага. “Сённяшні юбілей паказвае, што гісторыя вашай кангрэгацыі не маўчала”, — адзначыў прадстаўнік Святога Пасаду і ўручыў с. Антаніне Багдановіч, настаяцельніцы дэлегатуры Беларусі і Літвы, адмысловы падарунак — памятны медаль ад Папы Рымскага.

[7]

Пасля св. Імшы с. Наталля Арлянковіч SJE запрасіла прысутных да прагляду прэзентацыі пра гісторыю і дзейнасць сясцёр эўхарыстак ва ўсім свеце.

[8]

Адпуст з нагоды юбілею

Для паглыблення пабожнасці верных і збаўлення душаў, моцаю дазволаў выдадзеных Святым Айцом Папам Францішкам з нагоды стагоддзя Кангрэгацыі, можна атрымаць адпуст пры выкананні звычайных умоваў.

Хто можа атрымаць адпуст?

Калі? Ад 19 сакавіка 2023 года да 19 сакавіка 2024г.

За каго ахвяраваць? За душы, пакутуючыя ў чыстцы.

Умовы:

Асобы старэйшыя, хворыя і ўсе, хто па сур’ёзных прычынах не могуць выходзіць з дому, таксама могуць атрымаць поўны адпуст, адкінуўшы ўсялякі грэх, з намерам выканаць звычайныя ўмовы, духоўна далучацца да юбілейных урачыстасцяў, ахвяруючы міласэрнаму Богу свае малітвы і цярпенні, а таксама жыццёвыя клопаты і нязручнасці, якія яны перажываюць.

[9]

Друя: гісторыя і жывапіс

У другой палове святочнага дня, Апостальскі нунцый разам з біскупам Віцебскім і дапаможным біскупам Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі накіраваліся ў Друю, дзе быў пачатак дзейнасці сясцёр эўхарыстак. Там арцыбіскуп Антэ не толькі ўбачыў прыгажосць і гісторыю, але пазнаёміўся з захапленнем мясцовага пробашча кс. Сяргея Сурыновіча – жывапісам, і наведаў яго экспазіцыю мастацкіх прац, якая знаходзіцца на першым паверсе кляштара. Шаноўныя госці пазнаёміліся з гісторыяй парафіі і сясцёр эўхарыстак, для якіх Друя з’яўляецца роднай калыскай іх кангрэгацыі. І як адзначыў сам кс. Сяргей: “Для нашай парафіі гэта гістарычная падзея.”

[10]

Марына Сінкевіч, тэкст
Леанід Юрык, Марына Сінкевіч, кс. Сяргей Сурыновіч, фота