[1]29 ліпеня ў Санктуарыі Маці Божай Валадаркі азёраў распачалася Х юбілейная Дыяцэзіяльная сустрэча моладзі. Браслаў прывітаў маладых людзей, законных сясцёр і святароў, якія сабраліся ў гэтым мястэчку з розных куткоў Беларусі.
Спачатку моладзь чакаў супольны пасілак, а потым іх падзялілі на дзве групы. Для старэйшай моладзі канферэнцыі прамаўляе а. Аляксандр Жарнасек МІС, а для малодшай узроставай катэгорыі (10-11 класы) — кс. Аляксей Асон.
Першая катэхэза распачалася малітвай, дзе а. Аляксандр прасіў благаслаўлення, каб мы пазналі Божую любоў, аб патрэбных ласках для нас, каб Пан Бог адкрыў сэрцы маладых людзей, а таксама, каб голас гэтага свету не заглушыў голас Пана.
У бліжэйшыя дні моладзь будзе разважаць над тэмай юбілейнай сустрэчы “Паслухмяныя Богу”, над тым, як палюбіць Пана Бога і быць паслухмяным Яму. Айцец Аляксандр Жарнасек заахвоціў, каб што кожны чалавек найперш шукаў Бога і як мага болей пазнаваў Яго і, каб мы, моладзь, заўсёды захоўвалі Божае слова.
Асабіста нас, маладых людзей, кранулі наступныя словы: “Калі ў цябе праблемы з бацькам альбо цябе пакрыўдзіў духоўны кіраўнік, то табе цяжка будзе зразумець любоў Бога, як любячага Айца!”
На заканчэнне канферэнцыі прагучалі словы малітвы: “Дай мне паглядзець на грэшніка так, як Ты на яго глядзіш, дай мне бачыць свет Тваімі вачыма і любіць бліжняга Тваім сэрцам”.
Першы дзень скончыўся канцэртам мясцовага парафіяльнага гурту «Alis Angeli», дзе моладзь праслаўляла Госпада сваімі спевамі.
Жадаем, каб гэтыя дні сустрэчы прынеслі багаты плён для моладзі!
Алёна Фянько, тэкст
С. Таццяна Гмыза, фота





