- Каталіцкі Веснік - https://catholicnews.by -

У Браславе адбыліся Дыяцэзіяльныя дні моладзі

[1]«Яны трывалі ў вучэнні Апосталаў і ў супольнасці, у ламанні хлеба і ў малітвах» (Дз 2, 42) — менавіта гэты ўрывак быў тэмай Дыяцэзіяльных дзён моладзі, якія прайшлі 22-24 ліпеня ў Санктуарыі Маці Божай Валадаркі азёраў у Браславе. Праз усе дні моладзь разважала над 4 падмуркамі жыцця хрысціяніна – малітва, вучэнне Апосталаў, Эўхарыстыя і супольнасць. Кожны дзень моладзь мела магчымасць удзельнічаць у святых Імшах, супольных малітвах і цікавых пунктах праграмы.

Першы дзень быў прысвечаны трыванню ў малітве, аб чым у канферэнцыі распавёў кс. Яўген Шымановіч. Святар расказаў, як падрыхтавацца да малітвы і як не згубіць канцэнтрацыю, якія спосабы малітвы існуюць і як знайсці на яе час у нашым мітуслівым жыцці. Напрыканцы дня ў моладзі была магчымасць скарыстацца пачутымі парадамі падчас малітвы праслаўлення.

[2]

Другі дзень атрымаўся вельмі прадуктыўным. Першую палову дня моладзь удзельнічала ў workshops (круглыя сталы), якія праводзілі псіхолагі — супрацоўнікі дабрачыннага фонду «Адкрытыя сэрцы». Удзельнікі сустрэчы мелі магчымасць выбраць адну з чатырох прапанаваных тэмаў: як супрацьстаяць маніпуляцыям; тайм-менеджмент, як эфектыўна кіраваць сваім часам; майстар-клас па публічных выступах; майстар-клас па відэамантажу.

[3]

Канферэнцыя другога дня, якую прамовіў кс. Валерый Марціноўскі, была прысвечана трыванню ў вучэнні Апосталаў, ролі Касцёла ў жыцці хрысціян і яго аўтарытэце. Пасля ўдзельнікаў чакала сустрэча з Езусам падчас адарацыі. Напачатку а. Віктар Мялешка OFMConv заахвоціў усіх памяняцца месцамі ў касцёле, каб побач былі як мага больш незнаёмыя людзі (хоць, вядома, для многіх гэта было няпроста з-за вялікай колькасці знаёмых і сяброў на сустрэчы). Святар нагадаў аб тым, што адарацыя гэта час для сустрэчы дваіх – цябе і Езуса, і пажадаў, гэта як спатканне закаханых, на якое не запрашаем сяброў.

[4]

Увечары моладзь сабралася на канцэрт гурта TALITHA KUM, які стаў сапраўднай малітвай, праслаўленнем і сведчаннем хрысціянскай радасці і любові.

[5]

Апошні дзень сустрэчы быў прысвечаны разважанням аб Эўхарыстыі і трыванні ў супольнасці. У канферэнцыі аб «трыванні ў ламанні хлеба» кс. Віталій Венцкевіч распавёў аб важнасці падрыхтоўкі і актыўным удзеле ў святой Імшы, а таксама аб асноўных яе частках. Таксама святар заклікаў маладых людзей заўсёды заставацца сабой, што не трэба прыкідвацца кімсьці, кім не з’яўляешся, калі прыходзіш у Касцёл, нават будучы грэшнікам. Быць сабой усюды — і ў Касцёле і па-за ім. Другая канферэнцыя была прысвечана трыванню ў супольнасці. Яе прамовіў кс. Алег Хмылко. Душпастыр моладзі Віцебскай дыяцэзіі распавёў аб тым, што з’яўляецца супольнасцю, як яе знайсці, а таксама расказаў аб існуючых малітоўных супольнасцях. У гэты дзень таксама моладзь мела магчымасць даць сведчанні аб дзейнасці Бога ў іх жыцці.

[6]

На працягу ўсіх трох дзён сярод насычанай праграмы маладыя людзі мелі час на гульні, размовы, гарбату і проста добры час разам.

Дзіяна Сайкоўская, ddm-vicebsk.by [30]
Ганна Смільгінь, Аляксандра Малец, фота

Запісы канферэнцый і казанняў падчас святых Імшаў можна знайсці на Ютуб-канале Душпастырства>>. [31]